Байцы ГУР патапілі расейскі хуткасны катар «Тунец» у Крыме
3- 10.08.2024, 9:35
- 12,212
Карабель быў падбіты марскім дронам MAGURA V5.
Украінскія выведнікі 9 жніўня знішчылі расейскі хуткасны катар «Тунец» у Крыме. Ён быў падбіты марскім дронам MAGURA V5.
Пра гэта паведамляе ГУР.
«У ноч з 8 на 9 жніўня паблізу населенага пункта Чарнаморскае ў часова акупаваным Крыме воіны спецпадраздзялення ГУР МА Украіны “Group 13” з дапамогай ударнага марскога дрона MAGURA V5 знішчылі чарговае судна расейскіх акупантаў – хуткасны катар праекту КС 701 тыпу “Тунец”», – гаворыцца ў паведамленні.
Як адзначаюць выведнікі, у выніку аперацыі пашкоджанні таксама атрымалі яшчэ тры плаўсродкі захопнікаў. Іх тып вызначаецца.
Не першы выпадак
У ГУР кажуць, што гэта ўжо не першы знішчаны ля берагоў паўвострава «Тунец». Да гэтага два расейскія «Тунцы» выведнікі знішчылі, а яшчэ два пашкодзілі ў траўні гэтага года.
Хуткасныя транспартна-дэсантныя катары праекту КС 701 захопнікі ў акупаваным Крыме выкарыстоўвалі для патрулявання акваторыі і лагістыкі.
Усяго з дапамогай марскіх дронаў украінскай вытворчасці MAGURA V5 паспяхова падбіта 18 караблёў РФ, 9 з іх – знішчаныя.