21 снежня 2024, Субота, 18:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Politico: Украіна атрымала «зялёнае святло» ад Захаду на наступ пад Курскам

18
Politico: Украіна атрымала «зялёнае святло» ад Захаду на наступ пад Курскам

Самаабарона не абмяжоўваецца толькі ўкраінскай тэрыторыяй.

Маштабны наступ УСУ ў Курскай вобласці падтрыманы хаўруснікамі Кіева на Захадзе. Няма ніякіх прыкметаў, якія паказвалі б на тое, што партнёры чыняць ціск на Украіну, каб яна змякчыла сваё прасоўванне ўглыб расейскай тэрыторыі. Пра гэта піша Politico.

У матэрыяле выдання адзначаецца, што нават з асцярожнай Нямеччыны, якая адмаўлялася рызыкаваць, не хочучы правакаваць расейскага дыктатара Пуціна, асабліва калі справа тычылася паставак зброі Кіеву, не міргаюць «чырвоныя агні» наконт аперацыі ўкраінскіх сілаў у Курскай вобласці.

«Украіна мае права на самаабарону, замацаванае ў міжнародным праве. Гэта не абмяжоўваецца толькі яе тэрыторыяй», – заявілі ў нямецкай знешнепалітычнай установе ў каментары журналістам выдання.

Палітыкі, якія прадстаўляюць кансерватыўную апазіцыю Нямеччыны, яшчэ больш катэгарычныя ў сваіх выказваннях.

Старэйшы заканадавец ад Хрысціянскіх дэмакратаў Родэрых Кізеветэр назваў абсалютна законнымі ўдары нямецкай зброяй па аб'ектах на расейскай тэрыторыі.

«Пытанне, ці задзейнічаная заходняя зброя, не ўзнікае, таму што пасля дастаўкі гэта ўкраінская зброя», – падкрэсліў дэпутат Бундэстага.

Кіраўнік ураду ФРГ Олаф Шольц, які знаходзіцца цяпер у летнім адпачынку, пакуль устрымліваецца ад каментароў датычна падзей у Курскай вобласці.

Выданне адзначае, што пакуль незразумела, якія доўгатэрміновыя мэты ўкраінскага наступу ў Курскай вобласці, але праз чатыры дні пасля яго пачатку няма ніякіх прыкметаў немінучага спынення баявых дзеянняў на гэтай тэрыторыі.

Больш за тое, у раннія гадзіны пятніцы Украіна пачала маштабную атаку беспілотнікаў на інфраструктуру Ліпецкай вобласці, у глыбіні Расеі, ударыўшы па ключавой авіябазе.

Улады Украіны пакуль устрымліваюцца ад каментароў наконт аперацыі, хоць лідар краіны Уладзімір Зяленскі ў чацвер зрабіў наступную заяву: «Расея прынесла вайну на нашу зямлю, і яна павінна адчуць, што яна зрабіла».

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках