6 кастрычнiка 2024, Нядзеля, 15:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На продаж выстаўлены дом, які раней быў запісаны за Аляксандрам Глебам

9
На продаж выстаўлены дом, які раней быў запісаны за Аляксандрам Глебам

Пакуль адны пратэставалі, нехта «выклянчваў» у Лукашэнкі зямельны надзел.

У вёсцы Лапаравічы, што размешчаная на беразе Менскага мора, амаль за мільён даляраў прадаюць вялікі добраўпарадкаваны катэдж. Гэты дом быў запісаны за Аляксандрам Глебам – адным з самых тытулаваных беларускіх футбалістаў. Адзначым, раней паведамлялася, што ў гэтым населеным пункце ў спартоўца было некалькі аб'ектаў нерухомасці. Прычым адзін з іх, як раней пісалі СМІ, Глеб атрымаў у 2020 годзе паводле пастановы Аляксандра Лукашэнкі, піша «Люстэрка».

Шыкоўны двухузроўневы катэдж знаходзіцца на вуліцы Цэнтральнай у вёсцы Лапаравічы. Ён быў пабудаваны ў 2014 годзе, плошча аб'екта – 586,6 м², з іх пад жылымі памяшканнямі знаходзяцца амаль 303 квадратныя метры, кухня займае амаль 10 «квадратаў».

Будова ацяпляецца газам, ёсць цэнтральная каналізацыя, вада падаецца са студні. У аб'яве адзначана, што пры аздабленні катэджа выкарыстоўваліся дарагія матэрыялы прэміяльных брэндаў.

У абстаноўцы выкарыстаны прадметы інтэр'еру вытворчасці вядомых італьянскіх фабрык, еўрапейскае святлотэхнічнае абсталяванне. Акцэнтуецца, што інтэр'ер дома падкрэслівае «вытанчаны густ і высокі сацыяльны статус гаспадароў дома».

У доме ёсць парадны хол з каванай лесвіцай і эксклюзіўнай люстрай. У прасторнай гасцёўні-сталоўні ўсталяваны камін. Кухня ўкамплектаваная побытавай тэхнікай вядомых вытворцаў. У доме ёсць таксама некалькі прасторных спальняў з высокімі столямі, гардэробы і ванныя пакоі, тэраса, спа-зона з басейнам.

Надзел, на якім стаіць дом, займае 20,63 соткі. Прыдамавая тэрыторыя дагледжаная, з ландшафтавым дызайнам. На надзеле размешчаная альтанка з летняй кухняй, дзіцячая пляцоўка, зона вогнішча, барбекю, ёсць сад з пладовымі дрэвамі і кустамі.

Нерухомасць прадаюць за 3199423 рублі, або 995 000 даляраў.

Як раней паведамляў tut.by, у канцы 2014 года гэты дом Аляксандр Глеб набыў за свае грошы. Ці належыць гэтая нерухомасць цяпер спартоўцу або камусьці з ягоных блізкіх, невядома.

Раней «Трыбуна» таксама паведамляла пра два іншыя зямельныя надзелы Аляксандра Глеба ў Лапаравічах, якімі ён абзавёўся ў 2020 годзе. Пра надзел, які спартовец набыў у пачатку 2020-га, мала што вядома. А вось пра той, які ён атрымаў крыху пазней, звестак больш. Гэты надзел, па-першае, знаходзіцца непадалёк ад таго, на якім размешчаны дом, які прадаецца цяпер. А па-другое, каб стаць уладальнікам гэтай зямлі, Глеб пісаў прашэнне на імя Аляксандра Лукашэнкі, паведамляла раней «Трыбуна».

Афармленне зямлі праходзіла ў дні незадоўга да і неўзабаве пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, пасля якіх сілавікі выкарыстоўвалі да пратэстоўцаў беларусаў гвалт. Дарэчы, сам Глеб не абазначаў сваю пазіцыю і ніяк не каментаваў сітуацыю ў краіне, якая склалася пасля выбараў.

У выніку ўжо 2 кастрычніка 2020 года спартовец значыўся ўласнікам чвэрці гектара – максімальна магчымай плошчы, якая вылучаецца пад жылую забудову.

Адзначым, што паводле закону зямлю можна было атрымаць двума спосабамі: праз аўкцыён або абмінаючы яго, пастановай ад мясцовага выканкама. У Папярнянскім сельсавеце паведамлялі, што Глебу далі надзел паводле 667-га ўказу. Гэты дакумент Лукашэнка падпісаў у 2007 годзе, ён рэгулюе парадак адабрання і вылучэння зямельных надзелаў. У артыкуле 7 прадстаўлены вялікі пералік людзей і арганізацый, якім вылучаецца зямля без аўкцыёну. Напрыклад, фермерам, якія плануюць весці на ёй гаспадарку, грамадзянам для калектыўнага садоўніцтва, а таксама тым, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў. Глеба наўрад ці можна аднесці да такіх катэгорый насельніцтва.

– Зямельны надзел выкуплены паводле кадастравага кошту. Ён не вылучаны бясплатна, як пісалі ў СМІ. Гэта ўсё хлусня. Бясплатна ён не вылучаны, – паведамлялі раней у сельсавеце.

Спартовец заплаціў за зямлю 137 тысячаў даляраў. Аднак гэта ў 2,5 разы больш, чым паводле кадастра, хоць раней паведамлялася, што рынкавы кошт такога надзелу – блізу 500 тысячаў даляраў. Надзел знаходзіцца за 100 метраў ад Менскага мора, ён мяжуе з зямлёй Жэрара Дэпардзье (ён атрымаў яе ў арэнду ў 2019 годзе), побач таксама знаходзяцца дамы Дар'і Домрачавай і старшыні Беларускай федэрацыі біятлону Андрыяна Цыбульскага.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках