Гішпанія перамагла Нямеччыну ў драматычным матчы
14- 5.07.2024, 21:43
- 7,000
![Гішпанія перамагла Нямеччыну ў драматычным матчы](https://i.c97.org/ai/601725/aux-head-1720205027-20240101_skriin_360.jpg)
Гішпанцы забілі на 119-й хвіліне і выйшлі ў паўфінал Еўра.
Каманда Гішпаніі перамагла каманду Нямеччыны з лікам 2:1 у матчы 1/4 фіналу чэмпіянату Еўропы 2024 года. Сустрэча адбылася ў Штутгарце.
Асноўны час закончыўся з лікам 1:1. У гішпанцаў гол забіў Дані Ольма (51-я хвіліна).
Немцы змаглі зраўняць лік у канцоўцы, вызначыўся Фларыян Вірц (89).
Пераможны гол забіў Мікель Мерына (119).
У паўфінале спаборнікам Гішпаніі стане пераможца пары Партугалія – Францыя (гульня адбудзецца пазней за 5 ліпеня). У іншых матчах 1/4 фіналу 6 ліпеня згуляюць Англія – Швэйцарыя і Нідэрланды – Турцыя.
Ужо ў пачатку матчу траўму пасля сутыкнення з Тоні Кроасам атрымаў паўабаронца гішпанцаў Пэдры. На 8-й хвіліне яго замяніў Ольма. Папярэдне Пэдры дыягнаставанае расцяжэнне бакавых звязкаў левага калена, паведамляе Marca. З такой траўмай ён наўрад ці больш згуляе на Еўра-2024.
16-гадовы паўабаронца каманды Гішпаніі Ламін Ямаль зрабіў трэцюю галявую перадачу на турніры, гэта найлепшы вынік Еўра-2024.
Галкіпер Мануэль Ноер правёў больш матчаў (39) на буйных міжнародных турнірах (Еўра і ЧС), чым любы іншы нямецкі гулец, ён пабіў рэкорд Бастыяна Швайнштайгера. Партугалец Крыштыяну Раналду (51) – адзіны еўрапейскі гулец, які згуляў больш матчаў. Акрамя таго, Ноер стаў трэцім футбалістам у гісторыі, які правёў 20 і больш матчаў на Еўра. Больш толькі ў Раналду (29) і ягонага партнёра ў камандзе Партугаліі Пэпэ (23).