8 лiпеня 2024, панядзелак, 23:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На Масбіржы пачаліся праблемы з турэцкімі лірамі

7
На Масбіржы пачаліся праблемы з турэцкімі лірамі

Праз санкцыі ЗША.

«Картачны домік» расейскага валютнага рынку прадаўжае паступова абсыпацца праз санкцыі ЗША супраць Маскоўскай біржы, якія скончылі з эпохай паўнавартаснага валютнага гандлю ў Расеі.

Услед за спыненнем аперацый з далярамі ЗША, еўрамі і ганконгскімі далярамі на біржы ўзніклі праблемы з турэцкай лірай, паведамілі ў пятніцу расейскія брокеры.

БКС – найбуйнейшы нябанкаўскі брокер у краіне – абвясціў, што часова спыніў для сваіх кліентаў аперацыі з лірамі на біржавым рынку. Паводле словаў прадстаўніка кампаніі, гэтая пастанова звязаная з амерыканскімі санкцыямі супраць Нацыянальнага клірынгавага цэнтра – ключавой разліковай «дачкі» біржы, адказнай за рэгістрацыю ўсіх угодаў. Праз санкцыі павялічыўся час уводу і вываду валюты, а таксама разлікаў ва ўгодах з лірай, расказаў прадстаўнік БКС «Ведамасцям».

У «Фінаме» пацвердзілі праблемы з лірамі, гандаль якімі біржа вяла з 2018 года. «Складанасці прысутнічаюць», – прызнаў кіраўнік управы развіцця кліенцкага сэрвісу кампаніі Дзмітрый Лясноў.

Паводле ягоных словаў, «Фінам» у найбліжэйшы час будзе аналізаваць сітуацыю і не выключае, што таксама будзе вымушаны спыніць гандаль лірай. «Можна чакаць, што такія пастановы могуць прыняць і іншыя прафудзельнікі», – сказаў Лясноў «РИА Новости». ВТБ і ТБанк паведамілі РБК, што прадаўжаюць аперацыі ў лірах і абмежаванняў уводзіць не плануюць.

Аб'ём аперацый у лірах, які летась дасягаў рэкордных 50 млрд рублёў за месяц, сціснуўся да нікчэмных 20–30 млн рублёў за дзень. Рэч у тым, што турэцкія банкі практычна цалкам згарнулі аперацыі з Расеяй, расказала Deutsche Welle прадстаўніца адной з лагістычных кампаній. Паводле ейных словаў, летась расейскія імпарцёры выкарыстоўвалі ліры для аплаты тавараў з Турцыі, але гэтай практыцы прыйшоў канец праз узмацненне жорсткасці амерыканскіх фінансавых санкцый у канцы мінулага года. Цяпер турэцкія банкі асцерагаюцца другасных захадаў – санкцый за парушэнне санкцыйнага рэжыму, паказвае крыніца DW.

Такія самыя рызыкі нясуць і кітайскія банкі, прысутнасць якіх дазваляе гандляваць на біржы юанямі, папярэджвае аналітык Саўкамбанка Міхаіл Васільеў. ЦБ РФ бярэ да ўвагі рызыкі, што юанёвы гандаль таксама давядзецца спыніць, прызнала напярэдадні кіраўніца рэгулятара Эльвіра Набіуліна.

У канцы чэрвеня пра праблемы з вывадам юаняў з Маскоўскай біржы паведамлялі брокерская кампанія «Сінара» і Ашчадбанк CIB – інвестыцыйная «дачка» найбуйнейшага расейскага дзяржбанка. Дадатковыя складанасці ў аперацыях з кітайскай валютай можа прынесці адмова Вank of China спыніць працу з банкамі РФ, якія трапілі пад санкцыі, пісалі аналітыкі «Ашчад CIB».

У ЦБ ужо рыхтуюцца да сцэнару, пры якім біржавы гандаль юанем давядзецца спыніць гэтак сама, як гэта здарылася з далярам і еўра. Хутчэй за ўсё, кітайскія банкі будуць паступова згортваць аперацыі з Маскоўскай біржай і Нацыянальным клірынгавым цэнтрам, які таксама трапіў пад санкцыі, расказала Bloomberg блізкая да Цэнтрабанка крыніца.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках