У Менску за махлярства і крадзеж будуць судзіць шматдзетную маці
3- 5.07.2024, 18:50
- 6,950
![У Менску за махлярства і крадзеж будуць судзіць шматдзетную маці](https://i.c97.org/p/articles/ai-160317-aux-head-sud_360.jpg)
У справе – 126 пацярпелых.
Пракуратура Менска накіравала ў гарадскі суд для вызначэння падсуднасці крымінальную справу ў дачыненні да 33-гадовай шматдзетнай маці, якой інкрымінаваныя махлярства і крадзеж маёмасці шляхам мадыфікацыі камп'ютарнай інфармацыі ў складзе арганізаванай групы, паведамілі ў прэс-службе ўстановы.
Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаная шукала людзей, якія за грошы распаўсюджвалі звесткі пра банкаўскія карты. Жанчына ведала, што гэтыя карты будуць далей выкарыстаныя злачынцамі для крадзяжу сродкаў, паведамляе «Люстэрка».
«У сувязі з нястачай сродкаў абвінавачаная падпісалася на розныя групы ў мэсэнджарах пра падпрацоўкі. Пасля таго як ёй паступіла прапанова працы ў афармленні банкаўскіх плацежных картаў за ўзнагароджанне, яна размяшчала аб'явы ў групах мэсэнджара Telegram, а таксама прапаноўвала такі від заробку сваім знаёмым. Згодных на ўказаную працу грамадзянаў жанчына адводзіла ў аддзяленне банка для вырабу плацежнай карты, а таксама да мабільнага аператара для вырабу сім-карты, прывязанай да "рахунку". Далей яна перасылала неабходныя звесткі іншаму сябру арганізаванай групы», – расказалі ў пракуратуры.
У выніку яе супрацьпраўнай дзейнасці 126 грамадзянам былі нанесеныя маёмасныя страты памерам больш за 270 тыс. рублёў.
Следчыя распачалі ў дачыненні да жанчыны крымінальную справу паводле ч. 4 арт. 209, ч. 4 арт. 212 КК. Пракурор, накіроўваючы матэрыялы ў суд, пакінуў абраны раней у дачыненні да яе захад стрымання ў выглядзе хатняга арышту без змены.