У РФ задумалі перазняць дзясяткі савецкіх фільмаў
16- 5.07.2024, 16:07
- 9,426
Каб выхаваць дзяцей «патрыётамі».
Мінасветы РФ прапанавала зрабіць рэмейкі 30 савецкіх фільмаў і экранізаваць 15 твораў расейскай літаратуры, піша «Коммерсантъ».
Перазняць, сярод іншага, плануецца карціну рэжысёра Міхаіла Калатозава «Ляцяць жураўлі», фільм «Іван Грозны» Сяргея Эйзенштэйна, стужкі «Вайна і мір» і «Лёс чалавека» Сяргея Бандарчука, карціну «Як гартавалася сталь» Мікалая Машчанкі. У спіс экранізацый увайшлі «Севастопальскія апавяданні» Льва Талстога, «Матронін двор» Аляксандра Салжаніцына, «Яблычны Спас» Яўгена Носава і іншыя.
«У Звяз кінематаграфістаў РФ паступіў ліст ад дэпартамента кінематаграфіі і лічбавага развіцця Мінкультуры РФ, у якім змяшчаюцца прапановы Мінасветы ў экранізацыі гістарычных твораў у мэтах вытворчасці мастацкіх фільмаў для дзяцей і юнацтва, якія спрыяюць захаванню гістарычнай памяці і фармаванню патрыятызму», – адзначылі ў Звязе кінематограф.
Выданне ўдакладняе, што летась Мінкульт РФ вылучыў фінансаванне на стварэнне 249 гульнёвых, негульнёвых, анімацыйных фільмаў і серыялаў, а таксама фільмаў для дзяцей і падлеткаў. Дзяржпадтрымку атрымалі фільмы пра вайну ва Украіне – «Сваіх не кідаем» і «Свінцовыя нябёсы», экранізацыя апавядання «Лес» пісьменніка Захара Прылепіна, а таксама некалькі вайсковых фільмаў, якія апавядаюць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны і баявыя дзеянні ў Сірыі. Акрамя таго, дзяржава вылучыла фінансаванне на стварэнні дакументальных фільмаў пра пісьменнікаў Эдуарда Лімонава, Міхаіла Булгакава і рэжысёра Леаніда Шварцмана.
У пачатку чэрвеня дырэктар дэпартамента кінематаграфіі і лічбавага развіцця ўстановы Дзмітрый Давідэнка заяўляў, што Мінкультуры РФ збіраецца забараніць паказ у кінатэатрах фільмаў, змест якіх не адпавядае «традыцыйным каштоўнасцям».
У якасці прыкладу недапушчальнага кантэнту, які не павінен трапляць на экраны, чыноўнік прывёў серыял пра скопінскага маньяка Віктара Мохава, які выкраў няпоўнагадовых дзяўчатаў і гвалтаваў іх у склепе цягам чатырох гадоў.
Паводле ягоных словаў, сапраўдны герой у Расеі – «гэта ваенны чалавек, які сёння рызыкуе жыццём, абараняе нас для таго, каб сёння была справядлівасць і мір у нашым жыцці».
Летась Мінкультуры адмовілася выпусціць у пракат галівудскія фільмы «Барбі» і «Опенгеймер», якія збіраліся паказваць у Расеі ў рэжыме «прымусовага ліцэнзавання». Прычынай адмовы стала тое, што фільмы не адпавядаюць задачам «захавання і ўмацавання традыцыйных расейскіх духоўных каштоўнасцяў».
Таксама ў Расеі забараняюцца да паказу фільмы з «прапагандай ЛГБТ»: расейскія анлайн-кінатэатры выдалілі са сваіх бібліятэк дзясяткі вядомых кінакарцінаў, у якіх былі сцэны з геямі, лесбіянкамі і трансперсонамі. Праз штрафы Раскамнагляду зачысткай кантэнту актыўна займаюцца «Кінапошук», Start, ОККО і Wink.
На гэты момант у анлайн-кінатэатрах ужо перасталі паказваць «Дурное выхаванне» Пэдра Альмадавара, кінабаёпік пра Элтана Джона «Рокетмэн», «Назаві мяне сваім імем» з Цімаці Шаламэ, «Чорны лебедзь» з Наталі Портман, пераможцу фэсту ў Канах «Жыццё Адэль» Абдэлатыфа Кешыша, а таксама фільм «Гарбатая гара», які стаў пераможцам Венецыянскага фестывалю і атрымаў тры «Оскары».
Таксама з платформаў зніклі некаторыя расейскія фільмы і серыялы. Напрыклад, «Чалавек, які здзівіў усіх» з Яўгенам Цыгановым у ролі мужчыны, які пастанаўляе жыць як жанчына; «Вучань» Кірылы Сярэбраннікава, у якім адзін з герояў праяўляе сімпатыю да другога; «Аўтло» Ксеніі Ратушнай, адна з ліній якога – каханне старшакласніка-гея і дзяўчыны да аднаго і таго ж маладога чалавека, а таксама «Маргоша» – серыял СТС, у якім герой аднойчы прачынаецца ў жаночым целе і вучыцца быць жанчынай.
Канфіскацыя фільмаў з публічнага доступу пачалася пасля прыняцця закона аб забароне ЛГБТ-прапаганды, якую ў снежні 2022 года падпісаў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін.