Сябар Лукашэнкі адмовіўся ісці на трэці тэрмін
9- 5.07.2024, 15:09
- 15,828
Пасля заканчэння тэрміну ён пойдзе на пенсію.
Кіраўнік Зімбабвэ Эмерсан Мнангагва, які апошнім часам часта сустракаўся з Лукашэнкам, заявіў, што не збіраецца вылучаць сваю кандыдатуру на трэці тэрмін. Ён мае намер прытрымлівацца абмежавання ў два тэрміны, закладзенага ў канстытуцыю краіны і статут яго партыі.
«Я адслужыў свой першы тэрмін, і ён скончыўся, затым мы пайшлі ў Кангрэс, і вы выбралі мяне прэзідэнтам на новы тэрмін, так што зараз ідзе мой апошні пяцігадовы тэрмін», — цытуе яго The Herald.
Мнангагва дадаў, што пасля заканчэння тэрміну ён пойдзе на пенсію, прычым пакіне і пасаду лідара партыі «Зімбабвійскі афрыканскі нацыянальны саюз — Патрыятычны фронт», бо статут партыі таксама змяшчае абмежаванне на два пяцігадовыя тэрміны.
Эмерсан Мнангагва стаў прэзідэнтам Зімбабвэ ў 2017 годзе пасля таго, як быў адхілены ад улады Роберт Мугабэ. У 2018 і 2023 гадах ён атрымаў перамогу на прэзідэнцкіх выбарах.