7 лiпеня 2024, Нядзеля, 14:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Віцебску прызыўнік надумаў пазмагацца з ваенкаматам, які праігнараваў усе ягоныя дыягназы

11
У Віцебску прызыўнік надумаў пазмагацца з ваенкаматам, які праігнараваў усе ягоныя дыягназы

На чый бок устаў суд?

Жыхара Віцебска летась мабілізавалі на тэрміновую службу ў войска, нягледзячы на сур'ёзныя праблемы са здароўем. Малады чалавек падаў пазоў у суд і змог даказаць, што набор быў неправамоцным. Падрабязнасці сталі вядомыя з апублікаванай судовай пастановы.

Справа разглядалася ў судзе Чыгуначнага раёна Віцебска ў канцы красавіка 2024 года. Віцябчук абскардзіў пастанову гарадской мабілізацыйнай камісіі, якая пастанавіла выправіць яго на тэрміновую службу, нягледзячы на дыягназы, якія не дазваляюць служыць, піша «Люстэрка».

У маладога чалавека цэлы букет захворванняў: артэрыяльная гіпертэнзія 2-й ступені і хранічныя праблемы з сэрцам – транзістарны пралапс мітральнага клапана з мітральнай недастатковасцю, анамалія развіцця левага страўнічка. Акрамя таго, у яго скрыўленне насавой перагародкі з цяжкасцю дыхання.

Таксама раней у хлопца выяўлялі ныркавае захворванне – транзістарную аксалурыю, паводле якой у яго была часовая адтэрміноўка. На гэты раз яго зноў абследавалі ў нефралагічным аддзяленні, дыягназ не быў пацверджаны, аднак, падкрэсліў віцябчук, на гэтую выснову нельга спадзявацца, бо ён не прайшоў абследаванне ў поўным аб'ёме, таму што быў вымушаны выпісацца і з'ехаць праз смерць бабулі. На ягоную думку, пры поўным абследаванні дыягназ пацвердзіўся б.

Падчас медкамісіі прызыўнік паведамляў, што стан ягонага здароўя нестабільны. У яго частыя здушальныя галаўныя болі, галавакружэнні, шум у вушах і скокі ціску, праз якія з'яўляюцца «мушкі» перад вачамі. Праз дрэннае самаадчуванне яму не раз даводзілася выклікаць хуткую дапамогу, таксама ён звяртаўся ў паліклініку, дзе яму выдавалі бальнічны. Для стабілізацыі ціску хлопцу даводзіцца ўвесь час прымаць лекі.

Аднак мабілізацыйная камісія праігнаравала ягоныя скаргі і дыягназы, заявіў віцябчук на судзе. Яго нават не скіраваі на поўнае абследаванне сардэчна-сасудзістай сістэмы ва ўмовах стацыянара, хоць паводле закону пры наяўнасці артэрыяльнай гіпертэнзіі ваенкамат абавязаны быў гэта зрабіць.

Суд вывучыў усе пададзеныя медыцынскія дакументы: матэрыялы асабістай справы прызыўніка, медыцынскія карты з паліклінікі і лякарні. І ў выніку пагадзіўся з довадамі маладога чалавека і прызнаў ягоную скаргу абгрунтаванай.

Пастанова гарадской мабілізацыйнай камісіі пра набор хлопца на тэрміновую ваенную службу была скасаваная. Суд абавязаў ваенкамат прыняць новую пастанову: прызнаць маладога чалавека непрыдатным да ваеннай службы ў мірны час і абмежавана прыдатным у ваенны час.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках