Сілавікі разграмілі самае папулярнае ў расейцаў беларускае казіно
15- 4.07.2024, 21:50
- 37,712
![Сілавікі разграмілі самае папулярнае ў расейцаў беларускае казіно](https://i.c97.org/ai/601582/aux-head-1720110002-20240101_skriin_360.jpg)
Яно знаходзіцца за 500 метраў ад уезду ў Беларусь з РФ.
На мінулым тыдні адбыўся пагром у М1 – папулярным казіно ў Дубровенскім раёне, якое знаходзіцца за 500 метраў ад уезду ў Беларусь з Расеі. Сведкі расказалі «Нашай Ніве» пра некалькі машынаў спецназу і дзясяткі затрыманых паводле эканамічных крымінальных артыкулаў.
Цяпер датэлефанавацца да «М1» немагчыма – на паказаным на сайце нумары ніхто не здымае.
У выніку пагрому было затрыманае кіраўніцтва, а таксама супрацоўнікі казіно – усяго некалькі дзясяткаў. Гасцей з Расеі адпусцілі.
На мінулым тыдні з'яўлялася інфармацыя пра такі пагром у казіно «Опера» ў менскім гатэлі «Пекін».
Як кажуць суразмоўцы «Нашай Нівы», справы «Оперы» і М1 звязаныя. І тых, і другіх абвінавачваюць ва ўтойванні часткі выручкі.
«Як гэта ў нас звычайна бывае: нешта зразумелі на прыкладзе адных – і пайшлі кашмарыць усіх астатніх паводле шаблону. Хоць самі працаўнікі казіно думаюць, што на іх быў данос», – кажа наш суразмоўца.
Таксама пакрысе становіцца вядома пра ператрусы і арышты ў іншых арганізацыях, якія займаюцца азартнымі гульнямі. Агульная колькасць часова затрыманых можа дасягаць ста чалавек.