7 лiпеня 2024, Нядзеля, 6:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сіноптыкі папярэдзілі беларусаў пра «лагчыну холаду»

Сіноптыкі папярэдзілі беларусаў пра «лагчыну холаду»

Але будзе і «анамальная спякота».

Сіноптыкі распавялі пра «цікавае і разнастайнае» надвор'е ў Беларусі ў найбліжэйшы тыдзень ліпеня. У нейкія дні чакаецца «шырокая лагчына холаду», а ў іншыя - «анамальная спякота» да +35°С, піша telegraf.news.

«Наступны тыдзень будзе разнастайны. Паглядзіце, тэрыторыя Беларусі знаходзіцца на перыферыі шырокай лагчыны холаду Х з цэнтрам над паўночнай Атлантыкай, і найбліжэйшыя пару дзён [гаворка пра 4 і 5 ліпеня] на нашу тэрыторыю працягне паступаць паветра з акіяна, гэта значыць, халоднае з дажджамі надвор'е захаваецца», - паведамілі спецыялісты Telegram-канала Nadvorie.

Аднак ужо 7 ліпеня, паводле звестак крыніцы, у Беларусь прыйдзе спякота з паўднёвай часткі Расеі і тэмпературай паветра +29..+32°С. Такое надвор'е прынясуць завіхрэнні Н, якія ўтвараюцца на перыферыі лагчыны холаду Х.

«Затым зноў Х пашырыць свой уплыў. Потым зноў віхура і зноў 10 - 11 ліпеня прыйдзе хваля цяпла з тэмпературамі пад і за +30°С», - напісалі ў Nadvorie.

Са слоў сіноптыкаў, ваганні надвор'я будуць адбывацца на «актыўных атмасферных франтах». «Увогуле, павінна быць цікава», - дапоўнілі ў крыніцы.

Там таксама паведамілі, што з 11 ліпеня ў Беларусь прыйдзе «анамальна спякотнае надвор'е». «Тэмпературы дасягнуць і, магчыма, нават перавысяць адзнакі +35..+38°С ва Украіне і +33..+35°С — у Беларусі», — расказалі ў Telegram-канале Nadvorie.

Белгідрамет падзяліўся падрабязным прагнозам на пятніцу, 5 ліпеня, і выходныя, 6 і 7 ліпеня. Паводле звестак сіноптыкаў, 5 ліпеня будзе воблачнае з прасвятленнямі надвор'е, якое вызначаць атмасферныя франты. Па большай частцы краіны пройдуць дажджы, а ўначы на ўсходзе - месцамі моцныя ліўні. Магчымыя і навальніцы як у дзённы, так і ў начны час.

Вецер спецыялісты Белгідрамета спрагназавалі на пятніцу заходні сярэдні, а пры навальніцах - парывісты. Уначы чакаецца ад +11 да +17°С, удзень - ад +19 да +25°С.

У суботу, 6 ліпеня, на надвор'е ўплывацьме вобласць павышанага атмасфернага ціску. У гэты дзень ападкі агулам не чакаюцца, а вось слабы туман у асобных раёнах і пераменная воблачнасць - так. Вецер будзе паўднёва-заходні сярэдні, а ўдзень – месцамі парывісты.

У начны час паветра прагрэецца да +13°С, а ўдзень тэмпература складзе +22..+29°С.

У нядзелю, 7 ліпеня, акрамя вобласці павышанага атмасфернага ціску, надвор'е будуць вызначаць таксама цёплыя паветраныя масы, якія пойдуць з паўднёвага захаду Еўропы, а таксама франтальны раздзел у паўночна-заходніх і заходніх раёнах Беларусі.

У гэты дзень - пераважна без ападкаў, аднак удзень у паўночна-заходняй і заходняй частцы Рэспублікі чакаюцца кароткачасовыя дажджы, у асобных раёнах - навальніцы. Вецер сіноптыкі Белгідрамета спрагназавалі паўднёвы парывісты, удзень - моцны парывісты.

Уначы слупок тэрмометра падымецца да +19°С, а ўдзень 7 ліпеня тэмпература паветра складзе +25..+32°С.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках