ГУР раскрыла, як расеец, які перайшоў на бок Украіны, спаліў карабель «Серпухаў»
1- 4.07.2024, 11:35
- 7,038
Новыя падрабязнасці аперацыі «Рыбалка».
Прадстаўнікі Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны патлумачылі, па якіх менавіта прычынах была прынятая пастанова паказаць грамадскасці жаўнера Гогу, які аказаў важкую дапамогу ў вывядзенні са строю расейскага ракетнага карабля «Серпухаў» вясной сёлета.
Першай прычынай, на думку ўкраінскіх разведчыкаў, з'яўляецца той факт, што вораг і так добра ведае байца Гогу, які зʼяўляецца грамадзянінам Расеі і да нядаўняга часу быў вайскоўцам УС РФ, гэта значыць усе яго звесткі ў ворага ёсць.
Другая ключавая прычына: Гога – этнічны ўкраінец і ў гэтай вайне перайшоў на бок Украіны. Ён будзе ваяваць у легіёне «Свабода Расеі», які ўваходзіць у структуру Сіл абароны Украіны.
Акрамя таго, Гога сам выказаў жаданне выступіць перад украінскай грамадскасцю і расказаць некаторыя дэталі аперацыі «Рыбалка», у выніку якой атрымаў пашкоджанні карабель ВМФ РФ «Серпухаў».
«Гаворка ідзе пра пакуль яшчэ грамадзяніна РФ, але ўкраінскага паходжання. Усе яго продкі родам з Украіны. Такім чынам, баец Гога наважыў вярнуцца ва Украіну і змагацца з расейскімі захопнікамі ў складзе легіёна «Свабода Расеі». Чаму паказалі? Ну вораг жа выдатна ведае, хто здзейсніў гэтую гераічную акцыю, хто забраў сакрэтныя дакументы, і зразумела, што тут для агрэсара ніякага сакрэту няма», – падкрэсліў спікер ГУР Мінабароны Украіны Андрэй Юсаў.