7 лiпеня 2024, Нядзеля, 2:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Лукашэнка мае дзве мэты»

8
«Лукашэнка мае дзве мэты»

Вайсковы экспэрт расказаў, што стаіць за мілітарысцкімі заявамі дыктатара.

Карэспандэнт Рускай службы «Галасы Амерыкі» спытала вайскова-палітычнага аглядальніка групы «Інфармацыйны супраціў» Аляксандра Каваленку, ці не з'яўляецца нагнятанне абстаноўкі з боку Менска падманным трукам, для таго, каб Украіна сцягнула войскі да мяжы з Беларуссю, паслабіўшы сваю групоўку на іншых кірунках расейскай агрэсіі?

На думку ўкраінскага экспэрта, гэта цалкам рэалістычная ацэнка сітуацыі, бо беларускія ўлады займаюцца гэтым з 2022 года, калі расейскія войскі адступілі з паўночнага плацдарма, а пазней нават пакінулі тэрыторыю Беларусі. «Менск увесь час стымулюе правакацыі, выступае з рознымі заявамі што да пагроз, каб на яго зважалі», – уважае Каваленка.

Ён уважае, што ў гэтым выпадку ставяцца дзве мэты. Першая накіравана на ўнутранага спажыўца з тым, каб запалохаць мясцовых жыхароў, што нібыта ёсць пагроза вайны з Украінай, якая мае «драпежніцкія намеры» у дачыненні да Беларусі.

«І гэта не вынаходства Лукашэнкі. Тое ж самае адбываецца ў Прыднястроўі, дзе ўжо 30 гадоў распаўсюджваюцца розныя здагадкі аб тым, што вось-вось на іх нападзе Малдова, Украіна, Румынія ці NATO. І менскі рэжым гэта выкарыстоўвае з 2022 года, каб адцягваць увагу беларусаў ад унутраных праблем – сацыяльных, эканамічных і гэтак далей», – прыводзіць прыклад вайскова-палітычны аглядальнік групы «Інфармацыйны супраціў».

Другая прычына гэтай інфармацыйна-псіхалагічнай спецыяльнай аперацыі Менска і Масквы на думку Аляксандра Каваленкі заключаецца ў спробе скаваць сілы УСУ на паўночным кірунку. «З 2022 года на мяжы з Беларуссю знаходзіцца істотная колькасць сіл, прызначаных для перадухілення магчымых нападаў з тэрыторыі Беларусі, у тым ліку і расейскіх войскаў. Гэта баяздольныя падраздзяленні і гэта стрымліваючы элемент, які якраз уплывае на тое, што мы іх не можам выкарыстоўваць на нейкім іншым важным участку рэальных сутыкненняў», – падкрэслівае ён.

І дадае, што гаворка не ідзе аб тым, што будуць перакідвацца сілы з фронту, бо там і так сітуацыя цяжкая, а пра тое, што баяздольныя падраздзяленні УСУ будуць вымушаныя заставацца на паўночных межах краіны без магчымасці таго, што яны могуць быць перакінуты на ўзмацненне Пакроўскага ці Краматорскага кірунку.

«Лукашэнка рэгулярна заяўляе, што яму пагражае Польшча, Украіна, увогуле ўсё NATO. Адзінае, у чым адрозненне цяперашніх заяў – тое, што пачаліся пагрозы выкарыстання ядравай зброі, якой сама Беларусь не мае. Ён ужо ў гэтай рыторыцы спаборнічае з Мядзведзевым. Цяпер на тэрыторыі Беларусі размешчаны падраздзяленні, якія забяспечваюць прыкрыццё сродкамі СПА, тэхнічны персанал, комплекс РЛС, аператары комплексу РЭБ – гэта значыць тылавое забеспячэнне, а не баявыя штурмавыя падраздзяленні. На сталай аснове там знаходзяцца амаль 400 «вагнераўцаў», якія займаюцца падрыхтоўкай беларускіх падраздзяленняў як рэгулярных войскаў, так і іншых сілавых структур», – дзеліцца звесткамі Аляксандр Каваленка.

І ў канцы размовы заўважае, што з інтэрвалам у тры-чатыры месяцы, хутчэй за ўсё, з Менска яшчэ будуць гучаць алармісцкія заявы аб «пагрозе» бяспецы Рэспублікі Беларусь з боку Украіны і сумежных дзяржаў Еўразвязу. «Цыклічнасць такіх заяў дастаткова стабільная», – з сарказмам падсумоўвае вайскова-палітычны аглядальнік групы «Інфармацыйны супраціў».

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках