Рэжым Лукашэнкі асуджаны на правал
14- 3.07.2024, 15:30
- 13,238
![Рэжым Лукашэнкі асуджаны на правал](https://i.c97.org/ai/386128/aux-head-1594975679-20200717_luka_army_360.jpg)
Давайце адкрыем падручнік гісторыі.
Паводле версіі Лукашэнкі, «Вялікая Айчынная - гэта апафеоз тысячагадовай гісторыі войнаў і бітваў заходняй і ўсходняй цывілізацый». Дарэчы, старажытнагрэцкае слова тут ужытае няслушна. Апафеоз азначае абагаўленне, услаўленне, што наўрад ці дастасавальна ў гэтым выпадку, піша «Салiдарнасць».
Хутчэй за ўсё, Лукашэнка пераблытаў апафеоз з апагеем - найвышэйшай ступенню праявы чагосьці. Але гэта памылка даравальная ў адрозненне ад іншых.
“Беларусь памятае. Памятае і ўнёсак у Перамогу краін-удзельніц антыгітлераўскай кааліцыі, - заявіў дыктатар. А праз хвіліну зняпраўдзіў сам сябе: «Не стамлюся нагадваць, што супраць Савецкага Саюза ваявала ўся Еўропа».
Што ж, давайце адкрыем падручнік гісторыі. Такім чынам, хто з краін Захаду ўваходзіў у склад антыгітлераўскай кааліцыі (у алфавітным парадку): Аўстралія, Бельгія, Вялікая Брытанія, Грэцыя, Данія, Канада, Люксембург, Нідэрланды, Нарвегія, Польшча, СССР, ЗША, Францыя, Чэхаславаччына, Югаславія.
Ім супрацьстаялі Нямеччына, Італія, Фінляндыя і Японія. Затым у «вось: Берлін-Рым» дадалі захопленыя гітлераўцамі Балгарыю, Вугоршчыну і Румынію. Аднак ці наўрад можна казаць аб паўнавартасным і тым больш добраахвотным удзеле гэтых дзяржаў у вайне: імі кіравалі марыянетачныя акупацыйныя ўлады.
Для паўнаты карціны дадамо, што сатэлітамі і хаўруснікамі краін «восі» ўважаюцца Албанскае каралеўства, Каралеўства Чарнагорыя, Незалежная дзяржава Харватыя і Першая Славацкая рэспубліка. Усе гэтыя ўтварэнні былі створаныя на ініцыятыву інтэрвентаў у 1939-1941 гадах і скончылі сваё існаванне яшчэ да заканчэння другой сусветнай.
На ўсю Еўропу не цягне ніяк, ці не так?
Ах так, зусім забыўся. Нефармальным, але цалкам фактычным хаўруснікам Нямеччыны з'яўляўся СССР - да 22 чэрвеня 1941-га. Ён перакінуўся ў антыгітлераўскую кааліцыю толькі пасля таго, як сам зазнаў агрэсію. А раней…
Можна нагадаць таксама пра супольны парад савецкіх і гітлераўскіх войск у Берасці і шматлікае іншае, якое адбывалася ў той час, калі Вялікая Брытанія, Францыя і іншыя краіны Захаду ўжо абвясцілі вайну нацызму.
Цяпер Лукашэнка заяўляе: «Што сёння рэальна аб'ядноўвае калектыўны Захад? Прага нажывы за чужы кошт. І генетычная нянавісць да пераможцаў, да нас».
Наіўная спроба выкрасліць Захад са спісу пераможцаў у другой сусветнай і перавесці яго ў разрад хаўруснікаў Гітлера - не вынаходства Лукашэнкі. Гэта наратыў, які крамлёўская прапаганда спрабуе прасоўваць апошнія гадоў дзесяць.
Але перапісванне гісторыі, якім займаюцца цяперашнія кіраўнікі Расеі і Беларусі, асуджанае на правал. Як і рэжымы, якія па сваёй сутнасці з'яўляюцца духоўнымі спадкаемцамі таталітарнага гітлераўскага.