BILD: РФ шукае мёртвых дзяцей па ўсім свеце
16- 3.07.2024, 14:15
- 28,872
![BILD: РФ шукае мёртвых дзяцей па ўсім свеце](https://i.c97.org/ai/427888/aux-head-1625053856-20210630_dokument_Getty_360.jpg)
Нямецкі журналіст расказаў, для чаго.
Расейскія ўлады шукаюць па ўсім свеце мёртвых дзяцей, каб выкрасці іх асобы для сваіх агентаў.
Аб гэтым піша нямецкае выданне BILD. Журналіст выдання нагадаў, што ў 2013 годзе ў Нямеччыне судзілі, а затым экстрадавалі ў РФ двух расейскіх агентаў, якія доўга жылі ў краіне пад фальшывымі імёнамі Андрэас і Хайдрун Аншлаг, паказваючы сямейную пару. Нават іх дачка не ведала, што бацькі - шпіёны Крамля з 1980-х гадоў.
«Гэтыя людзі жывуць побач з намі цэлыя дзесяцігоддзі з цалкам фальшывай ідэнтычнасцю. Часам яны ствараюць сем'і, дзе нават дзеці не ведаюць сапраўднага жыцця бацькоў. Не ведаюць, што яны расейскія шпіёны. Такія агенты - асаблівасць у першую чаргу Расеі. Яны робяць гэта ўжо больш за 100 гадоў», - распавёў аўтар расследавання аб сям'і Аншлаг і ўсёй сістэме расейскай таемнай агентуры ў Нямеччыне Фларыян Фадзе.
Ён адзначыў, што асаблівасць у тым, што такіх людзей пасылаюць у патрэбную краіну з цалкам сфальсіфікаванай асобай. Часам яе ствараюць на аснове рэальных людзей, якія памерлі.
«Такія людзі сапраўды былі, а потым іх асобу запазычвалі. У асноўным гэта былі дзеці. Расейскія, а раней савецкія дыпламаты працавалі па ўсім свеце, у тым ліку ў Паўднёвай Амерыцы і Афрыцы. Там яны гулялі па могілках і шукалі памерлых дзяцей, перапісвалі іх імя і дату нараджэння. Менавіта дзяцей, бо пра іх мала вядома і можна хутка пераняць іхную асобу. Потым яны падраблялі пасведчанні аб нараджэнні ў тых краінах. Асобы тых дзяцей кралі, стваралі на іх аснове новыя і рассылалі шпіёнаў», - дэталізаваў Фадзе.