Наталля Радзіна: Лядашчы Лукашэнка страчвае кантроль над Беларуссю
11- 29.07.2024, 20:11
- 37,506
І новая наменклатура гэта разумее.
Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна стала госцяй праграмы на YouTube-канале вядомага расейскага журналіста Яўгена Кісялёва.
Адной з галоўных тэм размовы была паездка Лукашэнкі да Пуціна на выспу Валаам. Беларуская журналістка расказала, што маглі абмяркоўваць два дыктатары:
- Гэта вайна супраць Украіны, у якой Лукашэнка ўдзельнічае самым актыўным чынам, гэта, вядома ж, эканамічныя пытанні, паколькі Беларусь сёння вельмі залежная ад расейскіх датацый, і мы ведаем, што гэтыя датацыі пачалі скарачацца, эканамічная сітуацыя ў краіне пагаршаецца.
Пуцін і Лукашэнка маглі абмяркоўваць тэму грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, які быў прысуджаны да смяротнага пакарання ў Беларусі і спробу абмену яго на агента ФСБ Вадзіма Красікава.
Відавочна, што абмяркоўваўся крызіс у дачыненнях паміж Беларуссю і Польшчай, узмацненне санкцый Еўразвязу ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Размова магла ісці аб так званым міграцыйным крызісе. У сувязі з ім Польшча зараз заняла вельмі жорсткую пазіцыю і пачынае перакрываць пункты пропуску тавараў, якія едуць з Беларусі ў Еўразвяз. І тут усплывае Кітай, паколькі большасць гэтых тавараў, якія ідуць чыгункай, а таксама правозяцца аўтамабілямі, - гэта кітайскія тавары.
Міграцыйны крызіс, думаю, узнік не з ініцыятыве Лукашэнкі, а быў узгоднены з Пуціным. Таму Лукашэнка паехаў развязваць гэтае пытанне, што рабіць з тым, што кітайскія тавары сёння з вялікай цяжкасцю праходзяць беларуска-еўрапейскую мяжу.
Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org звяртае ўвагу на фатаграфіі з сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі, апублікаваныя расейскімі СМІ:
- Мы бачым, што дыктатар знаходзіцца ў вельмі кепскім стане. Відавочна, што Лукашэнка ці на нейкіх стэроідах, ці на гармонах. Ён не ў стане кантраляваць сваю вагу. Фізічна Лукашэнка выглядае вельмі дрэнна. Горш, чым калі б там ні было.
Комплекс праблем, які абрынуўся на Лукашэнку ў апошнія гады, адбіваецца непасрэдна на ягоным фізічным стане. Ён не ў стане іх сёння развязваць.
Ці робіць Кітай стаўку на Лукашэнку, як у выпадку з Орбанам у Вугоршчыне і Вучычам у Сербіі? Наталля Радзіна не бачыць сур'ёзных намераў Пекіна ў дачыненні да Беларусі:
- Думаю, што Кітай ставіцца да Лукашэнкі аб'ектыўна. Ён разумее, што гэта васал Крамля, не больш за тое. Беларусь цікавіць Кітай выключна як тэрыторыя для транзіту тавараў у Еўропу. Бо гэта адзіны наземны шлях, па якім кітайскія тавары сёння ідуць у Еўразвяз. Гэта немагчыма зрабіць праз Украіну, менавіта таму Беларусь стала адзінай дарогай, часткай гэтага новага Шаўковага шляху. Таму для Кітая вельмі важная палітычная стабільнасць.
Пекін рабіў стаўку на гэтую стабільнасць пры Лукашэнку да 2020 года, развіваліся розныя беларуска-кітайскія эканамічныя праекты, у тым ліку будаваўся індустрыяльны парк "Вялікі камень" недалёка ад Менска, дзе знаходзіліся прадпрыемствы, якія павінны былі вырабляць высокатэхналагічную прадукцыю для краін Еўразвязу. Таксама выдаваліся ў даволі вялікай колькасці кітайскія звязаныя крэдыты, будаваліся прадпрыемствы на тэрыторыі Беларусі, як завод "Белджы" для зборкі аўтамабіляў, былі беларуска-кітайскія праекты на Добрушскім папяровым камбінаце, на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным, будаваўся акумулятарны завод у Берасці.
Але ўсе гэтыя праекты адышлі ў нябыт і амаль усе няўдалыя, бо аўтамабілі з завода «Белджы» (ва ўсякім разе — да ўвядзення санкцый) масава не прадаваліся, беларусы аддавалі перавагу ездзіць на заходніх аўто, вытворчасці былі бруднымі і страшна шкодзілі экалогіі, выклікалі пратэсты мясцовых жыхароў і ў Берасці, і ў Светлагорску, а індустрыяльны парк "Вялікі камень" сёння стаіць і практычна не працуе, таму што пасля 2020 года Беларусь канчаткова сапсавала стасункі з Захадам і, адпаведна, ніякага еўрапейскага рынку для кітайскіх тавараў, якія вырабляюцца ў гэтым індустрыяльным парку, не стала. Таму зараз усё, што цікавіць Кітай, - гэта свабодны праход праз тэрыторыю Беларусі ў Еўразвяз тавараў, але зноў узніклі праблемы.
Беларуская журналістка расказала пра ціск Польшчы на рэжым Лукашэнкі, які моцна непакоіць Кітай:
- Знікае транзітная роля Беларусі. І таму, я думаю, што палякі зараз намацалі вельмі добры вагар ціску на рэжым Лукашэнкі. Еўразвязу трэба размаўляць з Кітаем наконт таго, якія жорсткія ўмовы можна паставіць Лукашэнку, каб кітайскія тавары бесперашкодна ішлі ў Еўразвяз.
Вядома ж, важнае і спыненне нападаў на межы, і выдача забойцы польскага памежніка, і важнае вызваленне польскага журналіста Анджэя Пачобута. Але трэба патрабаваць большага: вызвалення ўсіх палітычных зняволеных з турмаў. Таму што іх у турмах сёння вялізная колькасць, палітычны тэрор у краіне не спыняецца вось ужо чатыры гады, людзей катуюць, вялізная колькасць палітвязняў знаходзіцца ў крытычным стане, шмат хворых на рак, шмат паджылых людзей у турмах.
І ў нас у зняволенні памерлі з розных ацэнак ад 6 да 8 вязняў сумлення. Мы разумеем, што, на жаль, гэта не апошнія смерці ў турме. І вось сёння вельмі важна выкарыстоўваць вагар перакрыцця транзіту тавараў праз тэрыторыю Беларусі для таго, каб дыктатура пайшла на саступкі і пачала вызваляць людзей з турмаў.
Яўген Кісялёў асобна закрануў тэму прыгаворанага да смяротнага пакарання ў Беларусі грамадзяніна Нямеччыны Крыгера. Наталля Радзіна мяркуе, што ягоны арышт - спланаваная беларускімі і расейскімі спецслужбамі аперацыя:
- Пуцін - афіцэр спецслужбаў, яму важна не здаваць сваіх і вызваліць супрацоўніка ФСБ Вадзіма Красікава з Нямеччыны.
Лукашэнка зноў быў яму карысны, прапанаваў свае паслугі. Таму я перакананая, што гэты арышт грамадзяніна Нямеччыны – спланаваная аперацыя беларускіх і расейскіх спецслужбаў. Яго арыштавалі выключна для таго, каб далей абмяняць на Красікава.
Думаю, што зараз ідуць перамовы з Нямеччынай аб абмене гэтага няшчаснага хлопца на забойцу з ФСБ. І Лукашэнка ў гэтым актыўна ўдзельнічае, тут ён выканаў паслугу свайму гаспадару Пуціну.
Чаму Лукашэнка надумаў адвесці войскі ад мяжы з Украінай? Наталля Радзіна ставіць пытанне інакш: а ці былі беларускія войскі на ўкраінскай мяжы:
— У мяне адчуванне спектакля, які быў спецыяльна разыграны. Наколькі мы ведаем, з украінскага боку ніякай актывізацыі на мяжы з Беларуссю не адбывалася.
Так, там размяшчаецца частка войскаў, частка тэрытарыяльнай абароны, умацаванні, усё тое ж самае, што і было, тое і ёсць. З беларускага боку, наколькі я ведаю, адбывалася проста штатная праверка баявой гатоўнасці тых часцей войскаў, якія там заўсёды размешчаныя. Там жа знаходзяцца часткі Сіл спецыяльных аперацый, маглі павялічыць іх колькасць, але нязначна.
Істэрыку падняў сам Лукашэнка. Я так разумею, што трэба было падвышаць нейкі градус у перамовах з тым жа Захадам, што на нас нібыта спрабуюць напасці ўкраінцы, таму мы зараз на іх нападзём. Цалкам зразумела, што Лукашэнка не мае ніякіх рэсурсаў сёння для нападу на Украіну. Больш за тое, Расея таксама сёння не рыхтуе якой-небудзь наступальнай групоўкі на беларускай тэрыторыі.
Мне падаецца, што гэта быў нейкі спектакль, спроба арганізаваць перамовы. Магчыма, яны і прайшлі, мяркуючы з таго, што потым Лукашэнка ўсё адкруціў.
Пра што яны размаўлялі з украінцамі (магчыма, пры пасрэдніцтве Захаду, ЗША), мы сказаць не можам, але відавочна, што зараз Лукашэнка шукае якія-небудзь варыянты наладзіць стасункі з Захадам. І я бачу, што ідуць сігналы з ягонага боку.
Беларуская журналістка падрабязна спыняецца на кадравых перастаноўках, якія нядаўна зрабіў Лукашэнка:
- Адбылася змена пакаленняў ва ўладзе. Сталі прыходзіць маладзейшыя людзі, іншага плану. Звярніце ўвагу, нядаўна кіраўніком адміністрацыі Лукашэнкі стаў Дзмітрый Круты, былы пасол Беларусі ў Расеі, яму 43 гады. Вярнулася на пасаду намесніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Наталля Пяткевіч, ёй 51 год, яна была калісьці прэс-сакратаркай Лукашэнкі, потым была на пасадзе намесніка кіраўніка адміністрацыі, актыўна ўзаемадзейнічала з Захадам, з ЗША для зняцця санкцый у абмен на вызваленне палітычных зняволеных.
Потым яна працавала памочнікам Лукашэнкі доўгі час, а ўрэшце Пяткевіч знікла з улады, выйшла замуж за сталага прадстаўніка Беларусі ў ААН Валянціна Рыбакова. З 2018 да 2024 года мы нічога пра яе не чулі, але ведалі, што яна жыве ў Нью-Ёрку. Цяпер яна вярнулася. Думаю, што Пяткевіч - адна з моцных фігур, якая будзе весці перамовы з Захадам ад імя Лукашэнкі.
Максім Рыжанкоў - новы міністр замежных спраў. 53 гады, кадравы дыпламат, працаваў у пасольствах Беларусі ў Ізраілі, Польшчы, у дэпартаментах сувязі з АБСЕ, з Радай Еўропы, дэпартаменце Амерыкі ў МЗС Беларусі. Думаю, што будуць зараз спробы аб нечым дамаўляцца, бо зусім зразумела, што сітуацыя ізаляцыі, у якую загнаў краіну Лукашэнку, толькі шкодзіць. Пуцін сёння не можа датаваць Беларусь у тым аб'ёме, у якім гэта сёння неабходна краіне. Я бачу, што ў Пуціна таксама заканчваюцца грошы, вялізная колькасць сродкаў сёння ідзе на вайну. А вось падтрымліваць усіх сатэлітаў, якіх ён напладзіў па свеце за гады свайго кіравання, ужо не ў стане.
Лукашэнка занадта лядашчы, ён не ў стане сёння кіраваць Беларуссю. Ён увогуле нічога не кантралюе. Я ўчора размаўляла з украінцамі, яны кажуць: «Мы ж цудоўна разумеем, што Лукашэнку — ніхто». Калі Пуцін захоча, будзе напад з тэрыторыі Беларусі, калі не захоча - не будзе. Пра што з Лукашэнкам размаўляць?
Ідзе змена пакаленняў, беларуская наменклатура зараз задумваецца пра тое, што незалежная Беларусь ім значна больш выгадная, чым тая датацыйная, абсалютна прарасейская, якая была за Лукашэнкам.
Дарэчы, звярнула ўвагу на інтэрв'ю Віталя Портнікава, якое ён даў да 30-годдзя рэжыму Лукашэнкі на Радыё Свабода. Портнікаў абсалютна перакананы, што Лукашэнка - агент расейскіх спецслужбаў, што ён быў агентам КДБ СССР да 1991 года, а потым стаў агентам Лубянкі. І прыйшоў ён да ўлады выключна як агент расейскіх спецслужбаў і працягвае ім заставацца дагэтуль.
Наталля Радзіна заклікае не страчваць надзеі, бо сітуацыя можа змяніцца ў кожны момант:
- Рэальныя лідары беларускай апазіцыі сёння знаходзяцца ў турмах. Гэтыя людзі выйдуць, яны будуць сапраўднай элітай новай Беларусі. Што да нас, эміграцыі, то наша задача рабіць сёння ўсё магчымае для таго, каб дапамагчы сваякам, сем'ям гэтых людзей, зрабіць усё для таго, каб іх вызваліць. Для гэтага павінна праводзіцца міжнародная дзейнасць у лабіяванні санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, інфармацыйная праца, вельмі важная праца незалежных медый на Беларусь, праваабарончая праца – гэта падтрымка палітвязняў і іх сем'яў, дапамога ўцекачам, якіх сёння дастаткова шмат, ім трэба дапамагаць.
Не трэба ставіцца крамлёўскаму рэжыму як да нейкай канстанты. "Вось, яны нязменныя, яны будуць заўсёды, яны моцныя і рэсурсы ў іх бясконцыя". Гэта не так. Усё мяняецца. Так, зараз складаны час. Так, многія людзі страцілі надзею. Так, здаецца, што Украіна саступае. Але гэта ўсё не так.
Паглядзім на сітуацыю ў ЗША, дзе прыйшла Камала Гарыс, а Трамп праз Пампэа прапануе ўжо рэальны сцэнар развязання сітуацыі. Я маю на ўвазе апошні план наконт Украіны. Мы разумеем, што з'яўляецца надзея, што ўсё можа змяніцца.