«У Лу ўся галава была ў крыві»
7- 27.07.2024, 21:29
- 29,898
Адкрыліся новыя падрабязнасці загадкавай гісторыі ў Маладзечне.
Нядаўна выданне Kraj.by пісала пра прыгожую гісторыю ў Маладзечне, якая скончылася трагедыяй. Там у прыватнай сажалцы пасялілася нутрыя, з якой усе пасябравалі, але потым жывёлу нібы задушыў і з'еў суседскі лабрадор. Аднак, як высветліў той жа Kraj.by, усё не так проста. Нутрыя можа аказацца жывой, а лабрадор калі і вінаваты, то не ў забойстве.
Нутрыя пасялілася ў прыватнай сажалцы сямейнай пары Яна і Вольгі побач з іх домам на вуліцы Уладзіслава Сыракомлі каля двух тыдняў таму. Назвалі яе Капібарай. У нядзелю, 21 ліпеня, Капібара знікла, пакуль гаспадароў не было дома. Сваякі Яна і Вольгі ўвечары гэтага дня бачылі, як з нутрыяй ваюе суседскі сабака пароды лабрадор.
Улічваючы тое, што пасля інцыдэнту ніякіх слядоў нутрыі не знайшлі, была зроблена выснова: сабака яе зʼеў, а астанкі недзе схаваў.
У пятніцу, 26 ліпеня, Kraj.by паехаў знаёміцца з сабакам і з яго гаспадарамі. Гаспадараў завуць Уладзімір і Леся. Яны – муж і жонка, гадуюць сына Ваню, які сёлета пойдзе ў чацвёрты клас.
Падрастае ў сямʼі і дачка Сафія. Дзяўчынка ў верасні стане першакласніцай.
Пры бліжэйшым знаёмстве з сабакам высветлілася, што яго клічуць не Лулу, як яго першапачаткова журналістам назвалі, а проста Лу.
«Блытаніна адбываецца таму, што мы свайго сабаку часта гучна клічам: «Лу! Лу!» Вось гэта і гучыць як Лулу», – растлумачылі гаспадары дзяўчынкі-лабрадора.
І дадалі:
«Лу, мы цябе рэабілітуем».
Уладзімір расказаў, як лабрадор зʼявілася ў іх сямʼі.
«У наваколлях нашых вуліц гэты сабака зʼявіўся тры гады таму, у пачатку 2021-га, узгадвае Уладзімір. – Сучка проста бегала па вуліцах. Было відаць, што зусім нядаўна ў яе зʼявіліся шчанюкі. Сабаку стала шкада, і ў сакавіку мы яго прытулілі. Цягам месяца шукалі гаспадароў. Давалі абвесткі ў сацыяльныя сеткі, самі праглядалі ў інтэрнэце інфармацыю аб зніклых у Маладзечне сабаках.
Пры гэтым заўважылі, што сука не са шчанячага ўзросту бегае па вуліцах. Ела сабачы сухі корм, значыць, была прывучана да яго. Разумела, што такое машына і як у яе залазіць.
У выніку мы здаліся. Пакінулі яе ў сябе. Назвалі Лу. Адвезлі да ветэрынара, зрабілі неабходныя прышчэпкі і стэрылізавалі».
Са слоў Уладзіміра, Лу сапраўды любіць уцякаць і блукаць, дзе ёй уздумаецца, але ўвесь час вяртаецца дадому.
У той дзень, у нядзелю, 21 ліпеня, Уладзімір касіў траву на сваім прыдамавым участку і адпусціў сабаку гуляць, каб не перашкаджала працаваць. Суседская сажалка пры гэтым – усяго ў пары дзясятках метраў.
«Лу прыбегла ўвечары. Уся галава ў яе была ў крыві, – успамінае Уладзімір. – Я выціраю гэтую кроў, а яна трасе галавой – і зноў становіцца акрываўленай. Потым гляджу – у яе вуха параненае, і гэтая рана моцна крывавіла. Спачатку нават хацелі да ветэрынара сабаку везці, але потым абышлося».
Менавіта раненнем вуха Уладзімір і Леся тлумачаць кроў на мордзе Лу пасля інцыдэнту з нутрыяй, але ніяк не тым, што яна яе зʼела. Кроў на сабаку, паводле версіі яе гаспадароў, належыць самому сабаку, а не нутрыі.
«Лу сапраўды не любіць пацукоў і мышэй. Ды сучка і кратоў у нас усіх задушыла, – расказвае Уладзімір. – Лабрадор – паляўнічая парода. Мы гэтыя звычкі ўжо ніяк з яе не выбʼем, нават калі б захацелі. Але тут важна тое, што Лу сваю здабычу не есць. Яна яе прыносіць нам, гаспадарам, быццам кажа: «Глядзіце, як я служу». Мы нават некалькіх вожыкаў выпусцілі, якіх яна прыцягнула. Вожык сваімі калючкамі ўсю пашчу да крыві ёй падрапае. Сабаку балюча, а ён яго ўсё роўна нам цягне. Вунь, глядзіце, зноў, мусіць, мыш пачуў».
Гаспадары адзначаюць, што Лу гатова сябраваць з усімі запар. Вось і з коткай Шэйлі ў яе выдатныя дачыненні.
Дык што ж усё-такі магло адбыцца паміж Лу і Капібарай у той вечар на сажалцы?
Ва Уладзіміра і Лесі такая версія: было горача, Лу любіць купацца, вось і кінулася ў ваду сажалкі. Там – нутрыя. Жывёлы сашчапіліся. У сутычцы Капібара параніла Лу вуха. І пакуль сабака страціў ад болю пільнасць, нутрыя паспела збегчы. Гэтым і тлумачыцца той факт, што яе астанкі так і не ўдалося выявіць.
«Паверце, свайго сабаку мы кормім дастаткова добра. Галодным ён не бывае. Яму няма чаго зʼядаць нутрыю. А калі б усё ж ён яе забіў, то абавязкова прыцягнуў б мёртвую жывёлу нам, як гэта робіць з пацукамі, мышамі і кратамі», – выказаў сваю версію Уладзімір.
Версія гучыць абгрунтаванай. Як і любая іншая, яна мае права на жыццё. І калі ўсё адбылося на сажалцы менавіта так, то Марэ, дачцы Яна і Вольгі, не трэба аплакваць Капібару. Магчыма, нутрыі ўдалося вырвацца ад Лу, укусіўшы суку за вуха, яна збегла і цяпер знайшла сабе якую-небудзь іншую сажалку.
Вядома, лепш за ўсіх магла б апісаць падрабязнасці той непрыемнай сустрэчы сама Лу. Але ў яе ж не спытаешся.