16 верасня 2024, панядзелак, 22:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэм'ер Індыі ўпершыню з пачатку поўнамаштабнай вайны наведае Украіну

1
Прэм'ер Індыі ўпершыню з пачатку поўнамаштабнай вайны наведае Украіну
НАРЭНДРА МОДЗІ

Стала вядомая магчымая дата візіту.

Прэм'ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі прыбудзе з афіцыйным візітам у Кіеў упершыню пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, паведамляе Wionews са спасылкай на крыніцы ў індыйскіх дыпламатычных колах. Як чакаецца, візіт адбудзецца ў трэці тыдзень жніўня. Хутчэй за ўсё, 23 дня.

Раней Модзі пагутарыў праз тэлефон з украінскім прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім, падчас гутаркі Зяленскі запрасіў індыйскага прэм'ера наведаць Кіеў. У ліпені таксама адбыліся тэлефонныя кантакты паміж кіраўнікамі МЗС дзвюх дзяржаваў – Дзмітрыем Кулебам і Субраманіямам Джайшанкарам, і кіраўніком Офіса прэзідэнта Украіны Андрэем Ермаком і міністрам нацыянальнай бяспекі Індыі Аджытам Довалам. Джайшанкар пасля перамоваў паведаміў у сацсетцы X, што гутарка была прысвечаная «далейшаму развіццю двухбаковых стасункаў» паміж Індыяй і Украінай.

У чэрвені Модзі сустрэўся з Зяленскім на палях саміту G7 у Італіі. Тады бакі абмеркавалі актуальную сітуацыю ва Украіне. Прэм'ер-міністр падчас размовы заявіў, што Індыя прадоўжыць рабіць усё магчымае «для падтрымкі мірнага ўрэгулявання» ўкраінскага канфлікту. Да гэтага лідары дзвюх краінаў сустракаліся летась на палях саміту G7 у Японіі.

8 ліпеня Модзі ўпершыню з пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну наведаў Маскву. У гэты ж дзень расейскае войска нанесла масаваны ракетны ўдар па цывільных аб'ектах ва Украіне і, сярод іншага, па найбуйнейшай дзіцячай лякарні ў Кіеве «Ахматдзіт». Агулам ад нападу загінулі больш за 40 чалавек, уключаючы дзяцей.

На наступны дзень Модзі заявіў Пуціну, што адчуў «боль і жах» ад удару па дзіцячай лячэбнай установе. «Мірныя пастановы і перамовы не могуць спрацаваць сярод бомбаў, гарматаў і снарадаў», – заявіў прэм'ер, дадаўшы, што заклікае дасягнуць міру ва Украіне з дапамогай дыялогу. Неўзабаве стала вядома пра скасаванне перамоваў у пашыраным складзе, якія павінны былі адбыцца пасля нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў дзвюх дзяржаваў тэт-а-тэт і афіцыйных перамоваў у вузкім складзе. У канцы 2022 года Модзі скасоўваў сустрэчу з Пуціным на фоне ядзерных пагрозаў расейскага прэзідэнта на адрас Украіны.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках