18 снежня 2024, Серада, 14:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навошта Лукашэнка паляцеў да Пуціна ў манастыр

40
Навошта Лукашэнка паляцеў да Пуціна ў манастыр

Палітолаг распавёў аб «асаблівым рытуале».

Лукашэнка нечакана адправіўся да Пуціна на востраў Валаам, дзе знаходзіцца вядомы праваслаўны манастыр. Цікавы фон гэтай сустрэчы - пасля адводу беларускіх войск ад мяжы з Украінай расСМІ абвінавачвалі беларускага дыктатара ў здрадзе.

Навошта Лукашэнка адправіўся да Пуціна? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з вядомым украінскім палітолагам, кіраўніком Цэнтра прыкладных палітычных даследаванняў «Пента» Уладзімірам Фясенкам:

— Не думаю, што для гэтай сустрэчы ёсць нейкая асаблівая нагода. Што да дэкарацый для сустрэчы, то яны ўжо сустракаліся на Валааме (сустрэча адбылася ў 2019 годзе — заўв.).

Адзначу, што для Пуціна наведванне Валаама - гэта асаблівы рытуал, а Лукашэнка падладжваецца. Я б сказаў, што сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным - гэта асаблівы рытуал.

Толькі вось для беларускага дыктатара - гэта рытуал выбівання грошай, гандлю. Можа, ускосная сувязь з цяперашняй сітуацыяй і ёсць, але Лукашэнка будзе выбіваць грошы пад нейкія саступкі Расеі, супольныя новыя дзеянні.

Думаю, што калі зараз Лукашэнка на гэтай сустрэчы здолее выбіць чарговую порцыю грошай ці матэрыяльных рэсурсаў, то ён паабяцае Пуціну нешта новае. Напрыклад, зробіць заяву супраць Украіны ці супраць Захаду (тут яго хлебам не кармі, з радасцю).

Цікава, што Лукашэнка імкнецца наведваць Пуціна ў такім інтэр'еры, дзе гаспадар Крамля ў большым расслабленні. У тым ліку - улетку, наведваючы святыя месцы ці калі Пуцін на адпачынку. У гэтых варунках ён выбівае новыя падачкі. Вось такі сэнс і гэтай ягонай паездкі.

Іншых сэнсаў няма. Пагатоў, што зараз Лукашэнка яшчэ разыгрывае і карту Кітая. Успомнім нядаўнія супольныя вучэнні. Ведаеце, Лукашэнка ўсё больш і больш ператвараецца ў слугу двух гаспадароў: і Масквы, і Пекіна. Ён спрабуе гуляць, маўляў, «а ў мяне ёсць і іншы старэйшы сябар». Падкрэслю, што з Пуціным ён вядзе адмысловую гульню. Але зараз поле для манеўру ў Лукашэнкі нашмат меншае, чым раней.

Стасункі з Кітаем сталі для Лукашэнкі такім новым арыенцірам, які дае яму некаторыя новыя магчымасці, каб хоць збольшага аслабіць залежнасць ад Масквы. Ён спрабуе манеўраваць, карыстаючыся нейкім пратэктаратам Кітая.

Адзначу, што месцаў для дыпламатычнай актыўнасці Беларусі не так многа. На днях кіраўнік МЗС Беларусі Рыжанкоў быў у Паўночнай Карэі. У сітуацыі з КНДР Лукашэнка ідзе па пракладзенай дарожцы Крамля, паўтараючы шлях гаспадара, які нядаўна там ужо пабываў.

Не думаю, што ёсць нейкія вялікія рэзервы і рэсурсы для развіцця стасункаў паміж КНДР і Беларуссю.

Тым не менш, ведаеце, можа рэзка будзе сказана, але нейкія недаедкі са стала гаспадара (у адносінах з КНДР) Лукашэнка можа атрымаць. Выходзіць такі трыкутнік: Расея будзе атрымліваць ваеннае абсталяванне, боепрыпасы, зброю ад Кім Чым Ына, а кампенсаваць гэта Паўночнай Карэі будзе не толькі РФ, але і Беларусь.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках