Беларускі банк хоча ўвекавечыць у скульптуры смелую качку Капейку
10- 24.07.2024, 21:06
- 6,864
У канцы траўня качка знесла яйкі проста на клумбе ў вазоне каля офіса банка.
У Менску хочуць паставіць помнік смелай качцы. З такой ініцыятывай выступіў «Ашчад Банк Беларусь».
Так, у канцы траўня качка знесла яйкі проста на клумбе ў вазоне каля офіса банка, пачала іх выседжваць. Тэрыторыю абнеслі стужкай і далі магчымасць вадаплаўнай птушцы дачакацца нашчадкаў. Гняздо ўладкавалі і кожны дзень прыносілі корм.

Неўзабаве ў мамы-качкі, якую банкаўскія супрацоўнікі паспелі празваць Капейкай, з'явіліся шасцёра качанятаў. Качка пачала вучыць качанятаў плаваць у Свіслачы. У той час як ролікі з адважнай птушкай у сацсетках набіралі мільёны праглядаў.
У банку мяркуюць, што гэтую гісторыю варта ўвекавечыць, таму абвясцілі конкурс на найлепшы праект помніка качцы Капейцы. Свае працы на конкурс могуць прапаноўваць як прафесійныя мастакі і скульптары, так і аматары. Працы будуць ацэньваць паводле вобразна-мастацкай задумы, архітэктурна-прасторавай кампазіцыі, канструкцыйнай ідэі і прыкладнага кошту.