FT: ЕЗ можа бестэрмінова замарозіць расейскія актывы
1- 24.07.2024, 12:04
- 2,852
Сродкі пойдуць на фінансаванне крэдыту Украіне сумай 50 млрд даляраў.
Еўрапейскі Звяз разглядае магчымасць бестэрміновага замарожвання актываў расейскага цэнтральнага банка, каб зменшыць асцярогі ЗША наконт планаў выкарыстання гэтых сродкаў для фінансавання крэдыту Украіне сумай 50 млрд даляраў, паведамляе Financial Times са спасылкай на дакумент з планамі блока.
Адзначаецца, што прадстаўнікі 27 краін-чальцоў ЕЗ сустрэнуцца ў сераду, 24 ліпеня, каб абмеркаваць прапанову Еўрапейскай Камісіі аб "бестэрміновай імабілізацыі актываў Цэнтральнага банка Расеі".
Са звестак FT, гэты крок, які будзе тычыцца еўрапейскай дзелі актываў Цэнтральнага банка РФ на суму 260 млрд еўраў "забяспечыць партнёрам G7 найвышэйшую ступень прадказальнасці" выплаты крэдыту сумай 50 млрд даляраў. План у тым, каб выплачваць крэдыты за кошт даходаў, атрыманых ад актываў.
Цяпер санкцыі, з дапамогай якіх гэтыя сродкі замарожваюцца, паўторна прымяняюцца кожныя паўгода, што выклікае асцярогу сярод супольнікаў ЕЗ адносна таго, што крэдыт не будзе поўнасцю вернуты.
Замарожаныя актывы РФ. Што прапануюць ЗША
Адсутнасць такой прадказальнасці стала галоўным каменем спатыкнення ў дасягненні згоды на выдачу крэдыту з боку ЗША, якія патрабуюць ад Еўропы "мацнейшых гарантый" таго, што актывы на суму 190 млрд еўраў, якія затрымаліся ў бэльгійскім цэнтральным дэпазітарыі каштоўных папер Euroclear, будуць замарожаныя да тых часу, пакуль крэдыт не будзе выплачаны, або пакуль Расея не пагодзіцца на рэпарацыі, якія б кампенсавалі яго кошт.
Хоць у дакуменце таксама згадваецца другі варыянт - падоўжыць тэрмін дзеяння санкцый з шасці месяцаў да трох гадоў, чыноўнікі прызнаюць, што толькі першы варыянт, хутчэй за ўсё, атрымае ўхвалу Вашынгтона.
«Варыянт першы - гэта адзіны варыянт. Ён цяжкі, але гэта адзіны шлях, які дае пэўнасць і з'яўляецца магчымым», - сказала асоба, якая ўдзельнічала ў перамовах, адносна абедзвюх прапаноў.
Паведамляецца, што абодва варыянты запатрабуюць аднадушнага ўхвалення з боку краін ЕЗ, што з'яўляецца звышскладанай задачай, улічваючы, што Вугоршчына ў мінулым ужо давала зразумець, што гэтае пытанне неабходна ўзнімаць на ўзроўні лідараў ЕЗ.
Краіны G7 таксама абмяркоўваюць, як падзяліць адказнасць за крэдыт на 50 млрд даляраў і будуць разглядаць гэтае пытанне на сустрэчы міністраў фінансаў G7 на палях сустрэчы G20 у Рыа-дэ-Жанейра.
Пераважае меркаванне, што краіны возьмуць на сябе дзель крэдыту, прыкладна прапарцыйную іх ВУП: ЕЗ і ЗША ўнясуць па 20 млрд даляраў, а Канада, Вялікабрытанія і Японія — 10 млрд даляраў, што засталіся.
Са слоў двух еўрапейскіх чыноўнікаў, калі краіны ЕЗ не падтрымаюць падаўжэнне санкцый, Еўракамісія можа спачатку выдацьь большую частку крэдыту - "да 40 млрд еўра".
Пасля таго, як іншыя краіны возьмуць на сябе абавязанні, яе дзель можа быць скарэктавана да меншай сумы.