Аляксандра Мусіенка: Лукашэнка проста баіцца пра гэта сказаць Пуціну
7- 23.07.2024, 17:33
- 53,506
Палітолаг расказаў, які сігнал Крэмль паслаў беларускаму дыктатару.
У Беларусі адбыўся шэраг падзей, якія, на першы погляд, не звязаныя паміж сабой. Лукашэнка рэзка адвёў войскі ад мяжы з Украінай, у краіне прайшлі вучэнні кітайскіх вайскоўцаў, а на тэрыторыі краіны ўзарваўся расейскі «Шахед». Ці ёсць логіка ў ланцугу гэтых падзей?
Па каментар сайт Charter97.org звярнуўся да палітычнага экспэрта, кіраўніка ўкраінскага Цэнтра ваенна-прававых даследаванняў Аляксандра Мусіенкі:
- Лукашэнка працягвае весці гульню пад назвай "вялікая імітацыя", пастаянна рыхтуючыся да вайны супраць Украіны. Ідзе паказальная дзейнасць: падводзіць войскі, праводзіць нейкія паказальныя контрдыверсійныя дзеянні, збівае ўяўныя ўкраінскія дроны і г.д. Робіцца гэта дзеля "птушачкі" для Крамля, маўляў, глядзіце, адпаведная праца вядзецца.
Што да “шахедаў” і ўсяго, што адбываецца, то рэч у тым, што тут ёсць цікавая дэталь. Можна ўспрымаць гэты пралёт "шахеда" і як сігнал для Лукашэнкі, каб ён больш актыўна ўключаўся і падтрымліваў Расею. Але не выключаю, што адбыўся збой з прычыны таго, што Расея зараз вельмі актыўна экспэрыментуе з “шахедамі”, вышынямі, планамі іх палётаў і яны проста адхіляюцца і залятаюць на тэрыторыю Беларусі.
Усе прэтэнзіі Беларусь павінна адрасаваць у бок Расеі, але я неяк гэтых прэтэнзій не бачу. Лукашэнка проста баіцца пра гэта сказаць Пуціну. А як жа так, уяўныя дроны, то з Літвы, то з Украіны залятаюць і іх збіваюць, а вось з “шахедамі” неяк не выходзіць.
Таксама адзначу, што Пуцін незадаволены тым, як паводзіць сябе Лукашэнка, які спрабуе падстрахавацца праз сувязі з Кітаем. Ён даўно хацеў бы большай уцягнутасці Беларусі ў вайну, але ён не можа пайсці супраць Кітая. Пакуль што Пуцін вымушаны змірыцца з тым, што Лукашэнка будзе весці гульню пад назвай "вялікая імітацыя", а Пуцін рабіць выгляд, маўляў, "так-так-так, усе ідзе згодна з планам".
- Некаторыя палітолагі мяркуюць, што Пуцін цісне на Лукашэнку, каб той уступіў у вайну супраць Украіны, менавіта таму над Беларуссю пачалі з'яўляцца “Шахеды”. Што вы пра гэта думаеце?
- Пуцін цісне дзеля таго, каб Лукашэнка ціснуў, дэманстраваў гатоўнасць да вайны, каб Украіна ўтрымлівала як мага больш сваіх войскаў на мяжы з Беларуссю.
Заўважце, што Лукашэнка даволі часта ўспамінае менавіта аб сілах спецаперацый Беларусі. Не пра войска, а акцэнтуе ўвагу менавіта на ССА. На ягоную думку, гэта самыя баяздольныя, і адданыя на сёння. Ён на іх разлічвае, але думаю, што беларускае войска наўрад ці гатовае і выказвае жаданне ваяваць супраць Украіны.