Кітай выкінуў Расею з праекту будаўніцтва далёкамагістральнага самалёта
14- 22.07.2024, 21:13
- 12,846
Цяпер Кітай працуе над праектам самалёта С929 самастойна.
Кітай выключыў Расею з праекту будаўніцтва далёкамагістральнага самалёта С929. Першапачаткова гэта быў супольны праект расейскіх і кітайскіх авіябудаўнічых кампаній, піша ВВС.
На стэндзе кітайскай авіябудаўнічай карпарацыі COMAC на міжнародным авіясалоне Фарнбара выстаўлены макет самалёта, але Расея ў апісанні праекту не згадваецца.
Прадстаўнік кітайскай кампаніі на ўмовах ананімнасці пацвердзіў ВВС, што цяпер Кітай працуе над праектам самастойна.
Праект далёкамагістральнага авіялайнера называўся CR929. Раней у расейскім падсанкцыйным Растэху сцвярджалі, што «С» у назву азначае Кітай, а «R» – Расею. Цяпер літара «R» з назвы самалёта знікла.
Суразмоўца ВВС у кампаніі не назваў прычыны і час выхаду Расеі з праекту.
Кітай і РФ дамовіліся пра супольнае будаўніцтва CR929 яшчэ ў 2014 годзе. Кошт праекту ацэньваўся на $50 млрд, ён павінен быў стаць найбуйнейшым у авіягаліне дзвюх краінаў. Меркавалася, што новы самалёт будзе канкурэнтам лайнерам Airbus і Boeing.
Распрацоўка самалёта пачалася ў 2017 годзе і закончыць яго планавалі ў 2025 годзе, увесці ў эксплуатацыю – у 2028 годзе.