18 снежня 2024, Серада, 13:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як беларусы паказалі маскавітам, чый Магілёў

7
Як беларусы паказалі маскавітам, чый Магілёў

Дзіўная гісторыя бурмістра Леановіча і паўстання магілёўцаў.

У жніўні 1654-га года, падчас вайны распачатай Маскоўскім княствам супраць ВКЛ, царскія войскі падышлі да сцен горада Магілёва. Магілёў не стаў супраціўляцца і 25-га жніўня адчыніў браму горада захопнікам, піша vklby.com.

Чыннікі для такой беспярэчнай здачы былі наступныя:

стан муроў цытадэлі - яны б не вытрымалі доўгай аблогі, і горад быў бы знішчаны разам з жыхарамі;

адзіная праваслаўная вера. На запэўненні маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча, гэтая вайна была пачатая толькі з мэтай абараніць аднаверцаў ад каталіцкай царквы. Праваслаўныя жыхары Магілёва верылі (шмат у чым дзякуючы маскоўскім прапагандыстам), што пытанні прыгнёту праваслаўных у Рэчы Паспалітай будуць урэгуляваныя;

інтарэсы мясцовых купцоў, чый гандаль быў цесна звязаны з Маскоўскім княствам;

празмерныя падаткі, устаноўленыя для горада Янушам Радзівілам.

Пасля таго як горад быў заняты войскамі, з мэтай задобрыць мясцовых жыхароў раздаваліся грашовыя падарункі і землі, мяшчанам было дазволена гандляваць у горадзе бязмытна, царскім указам за Магілёвам засталіся ўсе прывілеі і магдэбургскае права, якім горад карыстаўся ў ВКЛ.

Першапачаткова гараджан акупанты не чапалі, і тыя нават дапамаглі пакінутаму ў горадзе маскоўскаму гарнізону ў трохмесячнай абароне Магілёва ад войск ВКЛ, якія надышлі пад камандаваннем Януша Радзівіла ў лютым 1655-га года. Пасля беспаспяховых штурмаў і працяглай аблогі Радзівіл быў вымушаны адысці, бо нарастала небяспека падыходу казакоў з поўдня.

Як толькі маскоўцы адчулі, што Магілёў застаўся за імі, стаўленне да захопленага горада змянілася. Ён быў пазбаўлены ўсіх перш дараваных прывілеяў і свабод, а маскоўскія салдаты пачалі адбіраць у гараджан грошы, рэчы, коней і зброю. Здараліся нават забойствы мясцовых праваслаўных святароў і згвалтаванні манашак, спаленне праваслаўных храмаў. На месцы забітых праваслаўных святароў дасылаліся і прызначаліся, на разуменне Маскоўскага цара, надзейныя людзі. Асабліва сумны лёс напаткаў магілёўскіх юдэяў. Пад маркай адпраўкі ў Рэч Паспалітую ім сказалі сабраць усе свае зберажэнні і рэчы, і як толькі ўсё юдэйскае насельніцтва горада выйшла за муры, на яго быў учынены напад. Яны ўсе былі абрабаваныя, а большасць людзей забітая. Пазней, на месцы іх гібелі, жыхары Магілёва насыпалі курган, на які з'язджаліся юдэі з усёй Рэчы Паспалітай аплакваць сваіх аднаверцаў.

Пасля шасцігадовай акупацыі, якая суправаджалася рабаваннямі, забойствамі, здзекамі і знявагамі, цярпенне гараджан падышло да канца. У горадзе пачало рыхтавацца паўстанне. Людзі рыхтаваліся і чакалі зручны момант. Ён надышоў у 1660-м годзе, калі войскі Рэчы Паспалітай разбілі маскоўскія на рацэ Бася, якая знаходзілася недалёка ад Магілёва. Падрыхтоўка паўстання адразу прыйшла ў актыўную фазу, і ўсё было гатовае да канца студзеня 1661 года.

У ноч з 31-га студзеня на 1-га лютага 1661-га года, паводле сакрэтнага ўказання магістрата, жыхары Магілёва, у чыіх дамах жылі маскоўскія стральцы, выкруцілі крэмені з іх стрэльбаў, і дасталі сваю зброю са схованак. Гараджане настолькі ненавідзелі акупантаў, што ва ўсім вялікім горадзе не знайшлося ніводнага здрадніка, які б паведаміў маскавітам аб паўстанні. Раніцай 1-га лютага магістрат і ганаровыя грамадзяне сабраліся ў Ратушы, з сабой яны прынеслі зброю, якую схавалі пад адзеннем, і сталі чакаць сігналу да пачатку паўстання. Маскоўскія салдаты, звычайна натоўпамі гуляючы па рынку, у тую раніцу, як звычайна, пачалі адбіраць пірагі ў жанчын, якія імі гандлявалі. На крыкі гандлярак з ратушы з вялікім мячом, якім звычайна варочаў кат, выбег бурмістр Язэп Левановіч. Перахрысціўшыся, з крыкам «Пара! Пара!» ён кінуўся на маскоўскіх салдат, а следам за ім рушылі і ўсе астатнія гараджане. Гэта і быў сігнал да дзеяння: тут жа зазваніў звон на гарадской ратушы, апавяшчаючы ўсіх аб пачатку паўстання. Па ўсім горадзе жыхары нападалі і білі акупантаў. На дапамогу да іх падаспелі вызваленыя з турмы жаўнеры Рэчы Паспалітай, і праз тры гадзіны сямітысячны маскоўскі гарнізон быў амаль увесь знішчаны, уцячы ўдалося толькі тром маскавітам. Падчас гэтай бітвы шмат магілёўцаў было паранена і некалькі забіта.

Тых маскоўскіх чыноўнікаў і ваяводаў, якія былі ўзятыя ў палон, мяшчане закавалі ў ланцугі, а большая частка забітых маскавітаў была пахаваная на Самусевай гары, у тым месцы, якое называлі «Касцярнёю» (цяпер месца ў раёне аўтазапраўкі на плошчы Арджанікідзэ) і каля Пакроўскага прытулку (сёння гэта Паднікалле).

Бурмістр Левановіч з іншымі чальцамі магістрата сам асабіста павёз у Варшаву палонных маскавітаў, сярод якіх былі два ваяводы Сямён Савіч Гарчакоў і Мацвей Андрэевіч Паліэўктаў. Яны былі прадстаўленыя на спецыяльна скліканым з гэтай нагоды сойме ў Варшаве, на якім прысутнічаў сам кароль Рэчы Паспалітай Ян Казімір.

У падзяку за вызваленне горада кароль падарыў яму прывілей, які ўраўноўваў Магілёў са сталіцай ВКЛ Вільняй, а таксама новы герб, які выкарыстоўваецца дагэтуль. Многія ўдзельнікі паўстання атрымалі шляхецтва. Яно ж было дадзенае і бурмістру Левановічу і яго нашчадкам, як і новае прозвішча Пара-Левановіч, каб усе памяталі пра яго подзвіг і адвагу. Прыстаўка, зразумела, узялася ад яго клічу «Пара! Пара!», які і паслужыў сігналам для паўстання.

Паўстанне ў Магілёве стала першым з чарады наступных паўстанняў у іншых гарадах, для якіх яно і паслужыла прыкладам, падчас вайны ВКЛ і Польшчы з Маскоўскім княствам у перыяд з 1654 да 1667 года.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках