У Гішпаніі накрылі групу прарасейскіх хакераў
7- 20.07.2024, 21:19
- 8,338
За кібератакі супраць краін NATO.
Тры хакеры былі арыштаваныя ў Гішпаніі праз падазрэнне ва ўчыненні кібератак супраць краін NATO ў тэрарыстычных мэтах. Пра гэта на сваім афіцыйным сайце паведаміла грамадзянская гвардыя МУС Гішпаніі ў суботу, 20 ліпеня, піша «Нямецкая хваля».
У дамах падазроных былі праведзеныя ператрусы. Паведамляецца, што арышты адбыліся на востраве Маёрка, а таксама ў гарадах Уэльва і Севілья на поўдні краіны.
Гішпанскія праваахоўнікі сцвярджаюць, што хакеры ўдзельнічалі ў атаках тыпу «адмова ў абслугоўванні» (DDoS-атаках) на дзяржаўныя ўстановы, крытычную інфраструктуру і службы тых краін, «якія занялі праўкраінскую пазіцыю ў кантэксце вайны».
У паведамленні грамадзянскай гвардыі гаворыцца таксама, што арыштаваныя могуць быць звязаныя з прарасейскай хакерскай групоўкай NoName057 (16), якая з'явілася пасля пачатку вайны Расеі супраць Украіны. У сваім устаноўчым маніфесце група прызнае, што будзе «прапарцыйна рэагаваць на варожыя і адкрыта антырасейскія дзеянні заходніх русафобаў», – сцвярджаюць гішпанскія сілавікі.
ENISA: Колькасць кібератак у ЕЗ рэзка вырасла
У канцы траўня сёлета кіраўнік Еўрапейскага агенцтва кібербяспекі (ENISA) Юхан Лепасаар у інтэрвʼю агенцтву AP заявіў, што колькасць кібератак на інфраструктуру ЕЗ у першым квартале 2024 года аказалася ўдвая вышэйшай, чым у апошнім квартале 2023 года.
Паводле ягонай ацэнкі, за многімі з іх могуць стаяць хакеры, звязаныя з Расеяй. Пасля пачатку расейскага ўварвання ва Украіну 24 лютага 2022 г. колькасць кампутарных узломаў, учыненых «з геапалітычных матываў», пастаянна расла, указаў Лепасаар.