«Буслы кружлялі ў чаканні дапамогі»
11- 2.07.2024, 19:30
- 8,636
![«Буслы кружлялі ў чаканні дапамогі»](https://i.c97.org/ai/601321/aux-head-1719937820-20240101_skriin_360.jpg)
Супрацоўнікі МНС і энэргетыкі выратавалі буслянятаў пад Берасцем.
У Берасцейскім раёне энэргетыкі і ратавальнікі МНС ратавалі буслянятаў, якія пацярпелі падчас моцнай навальніцы, паведаміў тэлеграм-канал «Брэстэнэрга».
Надзвычайнае здарэнне адбылося ў вёсцы Холмічы пад Берасцем, дзе селіцца шмат буслоў. Моцны парыў ветру падчас навальніцы скінуў гняздо з птушанятамі. Вяскоўцы сталі тэлефанаваць ва ўсе службы: энэргетыкам і ў МНС.
![](https://i.c97.org/ai/601321/aux-1719937839-2.jpg)
Незвычайная выратавальная аперацыя разгарнулася раніцай 2 ліпеня. Энэргетыкі паднялі гняздо і для надзейнасці замацавалі яго на спецыяльнай платформе, усталяванай на апоры лініі электраперадачаў. А супрацоўнікі МНС злавілі буслянятаў і вярнулі «дзяцей» дарослым буслам, якія ўвесь гэты час кружлялі над людзьмі ў чаканні дапамогі.
![](https://i.c97.org/ai/601321/aux-1719937839-1.jpg)