4 лiпеня 2024, Чацвер, 21:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кітайскія банкі пабеглі з Маскоўскай біржы

6
Кітайскія банкі пабеглі з Маскоўскай біржы

Праз амерыканскія санкцыі.

Буйныя гульцы біржавога гандлю кітайскім юанем – кітайскія банкі, якія прадаўжаюць працаваць з Расеяй, – пакідаюць Маскоўскую біржу, якая трапіла пад санкцыі ЗША.

Як паведамляе «Коммерсант» са спасылкай на біржавую статыстыку, за апошнія два тыдні на гандлі кітайскай валютай было зафіксаванае прыкметнае скарачэнне сярэдняга памеру ўгоды: у параўнанні з траўнем гэты паказнік знізіўся на 14%, да 1,89 млн рублёў – самага нізкага ўзроўню з лютага 2023 года.

Адначасова рэзка вырас зварот пазабіржавога рынку юаня: у чэрвені там было заключана ўгодаў на 1,98 трлн рублёў – на 27% больш, чым у траўні. Пры гэтым унутрыдзённыя звароты тройчы білі рэкорды, перавышаючы планку 200 млрд рублёў за дзень.

Гэта азначае, што плыні юаняў, якія льюцца ў Расею за прададзеную ў Кітай нафту, сыходзяць з біржавога рынку на пазабіржавы ўслед за далярам і еўра, гандаль якімі быў спынены 13 чэрвеня.

Удзельнікі рынку з Кітая – галоўныя пастаўшчыкі юаневай ліквіднасці – нясуць рызыкі трапляння пад другасныя санкцыі ЗША, паколькі Масбіржа ўнесеная ў SDN-спіс амерыканскага Мінфіна з забаронай на любыя аперацыі, тлумачыць аналітык Саўкамбанка Міхаіл Васільеў.

«Некаторыя гульцы бачаць складанасці ў гандлі кітайскай валютай на біржы, і гэтая нявызначанасць можа іх прымусіць перавесці частку гандлёвай актыўнасці на пазабіржавы рынак», – адзначае кіраўнік управы развіцця кліенцкага сэрвісу ФГ «Фінам» Дзмітрый Лясноў.

У канцы чэрвеня пра праблемы з вывадам юаняў з Маскоўскай біржы паведамлялі брокерская кампанія «Сінара» і Ашчадбанк CIB – інвестыцыйная «дачка» найбуйнейшага расейскага дзяржбанка. Дадатковыя складанасці ў аперацыях з кітайскай валютай можа прынесці адмова Вank of China спыніць працу з банкамі РФ, якія трапілі пад санкцыі, пісалі аналітыкі «Сбер CIB».

У рызыкоўным сцэнары гандаль юанем можа цалкам перайсці на пазабіржавы рынак, не выключае Васільеў: «Многае будзе залежаць ад гатоўнасці кітайскіх банкаў працаваць на расейскай біржы».

У ЦБ ужо рыхтуюцца да сцэнару, калі біржавы гандаль юанем давядзецца спыніць гэтак сама, як гэта здарылася з далярам і еўрам. Хутчэй за ўсё, кітайскія банкі будуць паступова згортваць аперацыі з Маскоўскай біржай і Нацыянальным клірынгавым цэнтрам, які таксама трапіў пад санкцыі, расказала Bloomberg блізкая да Цэнтрабанка крыніца.

Паводле яе словаў, гэта можа адбыцца пад ціскам ЗША, якія ўнеслі біржу, Нацыянальны клірынгавы цэнтр (НКЦ), а таксама Нацыянальны разліковы дэпазітарый (НРД) у «чорныя спісы», паставіўшы кропку ў эпосе свабоднага гандлю асноўнымі сусветнымі валютамі, якая доўжылася больш за 30 гадоў у Маскве.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках