4 лiпеня 2024, Чацвер, 21:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Самалёт расейскай авіякампаніі сутыкнуўся з паломкай падчас рэйса

3
Самалёт расейскай авіякампаніі сутыкнуўся з паломкай падчас рэйса

І экстранна сеў у аэрапорце Шарамеццева.

Пасажырскі самалёт Airbus 320, які ляцеў з Самары ў Маскву, здзейсніў экстранную пасадку ў аэрапорце Шарамеццева праз паломку шасі, распавяла РІА «Новости» крыніца ў экстранных службах.

«А 14:24 самалёт сеў у штатным рэжыме», - адзначыў суразмоўца агенцтва, дадаўшы, што ў лайнера разбурылася пнеўматыка шасі. Паводле раскладу борт павінен быў прызямліцца а 14.45.

За апошні месяц гэта шосты выпадак паломкі шасі ў самалётаў расейскіх авіякампаній. Так, 10 чэрвеня ў Boeing 737 «Аэрафлоту» пры разбегу ў аэрапорце Дубая разбурыўся пнеўматык кола, а адарваныя кавалкі гумы пашкодзілі левую кансоль крыла. Самалёт паспяхова вылецеў з ААЭ ў Расею і прызямліўся ў Шарамеццеве. Пасля гэтага паветранае судна было адхіленае ад палётаў, а Расавіяцыя пачала расследаванне інцыдэнту.

7 чэрвеня ў Boeing 737 авіякампаніі Smartavia, які выконваў рэйс з Масквы ва Улан-Удэ, пасля прызямлення ў аэрапорце Байкал выявілі разбурэнне ўнутранага пнеўматыка правай асноўнай стойкі шасі. Спецыялісты агледзелі пасадачную паласу і знайшлі пяць кавалкаў гумы памерам блізу 30 см, піша The Moscow Times.

У той жа дзень у самалёта «Аэрафлоту» спусціла тры пнеўматыкі на стойках шасі ў аэрапорце Бішкека. Атрымаўшы дазвол на ўзлёт, пілоты пры разбегу ўбачылі паведамленне аб адкрыцці задняга багажна-грузавога адсека. Экіпаж перапыніў узлёт, тэхперсанал не знайшоў праблем з адсекам, але выявіў няспраўнасць шасі. Акрамя таго, было зафіксавана перавышэнне дапушчальнай тэмпературы тармазных прыстасаванняў.

У ноч з 5 на 6 чэрвеня Boeing 777 авіякампаніі Red Wings прызямліўся ў маскоўскім аэрапорце Жукоўскі. Пры правядзенні пасляпалётнага агляду тэхнікі заўважылі ўзгаранне ў раёне тармазной прылады пятага кола левай стойкі шасі. Пажар ліквідавалі ручным вогнетушыцелем. Спецыялісты ліквідавалі паломку.

2 чэрвеня ў аэрапорце Шарамеццева ў дзявяці самалётаў Superjet-100 авіякампаніі «Расія» выявілі моцныя парэзы на колах шасі. Паветраныя судны прыбылі ў Маскву з Санкт-Пецярбурга, Ніжняга Ноўгарада і Архангельска. Тэхнікам давялося замяніць колы.

У Расеі значна вырасла колькасць авіяздарэнняў пасля таго, як ЗША і ЕЗ увялі санкцыі за вайну ва Украіне. Дарэчы, яны забаранілі пастаўляць новыя лайнеры ў Расею і абслугоўваць расейскія паветраныя судны.

Да вайны ва Украіне авіяпарк расейскіх кампаній налічваў 1031 самалёт. Амаль дзве траціны флоту складалі паветраныя судны вытворчасці Boeing і Airbus, якія расейскія авіякампаніі зараз рамантуюць самастойна.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках