Орбан у Кіеве заклікаў Зяленскага спыніць агонь
24- 2.07.2024, 14:54
- 16,638
![Орбан у Кіеве заклікаў Зяленскага спыніць агонь](https://i.c97.org/ai/601282/aux-head-1719921247-20240702_orban_zelenski_360.jpg)
Прэм'ер Вугоршчыны прасоўваў расейскі наратыў.
Падчас перамоў з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім у Кіеве прэм'ер Вугоршчыны Віктар Орбан прасоўваў ідэю неадкладнага замірэння, якая ёсць ва ўсіх прарасейскіх «мірных планах», але не стаў намагаць на ёй.
Аб гэтым паведамляе карэспандэнт «Еўрапейскай праўды».
У заявах для прэсы пасля заканчэння двухбаковых перамоў 2 ліпеня лідар Вугоршчыны прызнаў, што прапаноўваў украінскаму калегу неадкладнае спыненне агню на той лініі судакранання з расейскімі войскамі, якая ёсць зараз.
Орбан падкрэсліў, што не з'яўляецца супраціўнікам таксама ўкраінскіх планаў сканчэння вайны, але ўважае іх занадта доўгімі ў рэалізацыі.
«Я распавёў спадару прэзідэнту, што ягоныя ініцыятывы патрабуюць шмат часу праз правілы міжнароднай дыпламатыі. Таму я папрасіў спадара прэзідэнта падумаць аб тым, ці нельга паступіць крыху інакш: спыніць агонь, а затым весці перамовы з Расеяй, бо спыненне агню паскорыла б тэмпы гэтых перамоў», – сказаў Орбан.
Зрэшты, Віктар Орбан падкрэсліў, што не намагаў на сваёй ініцыятыве і ўспрыняў украінскія аргументы.
«Я вельмі ўдзячны прэзідэнту за яго адкрытае меркаванне ў гэтым пытанні», - заявіў ён, паабяцаўшы перадаць пачутае іншым лідарам Еўразвязу.
Заўважым, што прэзідэнт Зяленскі ў сваім выступе пазбег гэтага пытання, аднак ён зазначыў, што Вугоршчына падтрымала мірныя ініцыятывы Украіны на саміце ў Швэйцарыі.