4 лiпеня 2024, Чацвер, 12:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БелАЭС пабудавалі, а дзе танная электрычнасць?

34
БелАЭС пабудавалі, а дзе танная электрычнасць?

Як рэжым падставіў беларусаў з атамнай станцыяй.

У мінулым Лукашэнка любіў расказваць, як павысіцца ўзровень жыцця беларусаў пасля ўзвядзення БелАЭС. Пасля заканчэння будаўніцтва ён паўтарае аб выгадзе ад працы атамнай станцыі. Але ў рэальнасці беларусы ад БелАЭС моцна прайгралі – «Салідарнасць» распавядае: чаму.

Будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі было асабістай ініцыятывай Аляксандра Лукашэнкі, супраць якой, паводле апытанняў грамадскай думкі, была большасць грамадзян краіны, якія памяталі, як пацярпела краіна ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Кіраўнік на грамадскую думку напляваў і не жадаў чуць любыя аргументы, якія прыводзяцца спецыялістамі. Атамную электрастанцыю станцыю пад Астраўцом пачалі будаваць у 2013 годзе. Прайшло больш за дзесяць гадоў і БелАЭС ужо функцыянуе. Але замест павышэння ўзроўню жыцця ў сувязі з яе ўзвядзеннем грамадзяне краіны зазналі шкоду.

У мінулым беларусам абяцалі пасля пачатку працы АЭС танныя тарыфы на электраэнэргію. Але гэтага не здарылася. Чаму?

На паперы акупляльнасць БелАЭС складае некалькі дзесяцігоддзяў – пры адной важнай умове: Беларусь будзе экспартаваць электраэнэргію. Але сёння імпартаваць яе з нашай краіны ніхто не хоча – «дзякуючы» таму ж Лукашэнку.

БелАЭС пабудавалі за 50 км ад Вільні, нягледзячы на ўсе пярэчанні Літвы. Суседзі дабіліся таго, каб Латвія і Польшча ў знак салідарнасці таксама адмовіліся ад імпарту беларускай электраэнэргіі.

Між тым з 1 красавіка гэтага года Беларусь павінна была пачаць выплачваць узяты ў Расеі крэдыт (паводле звестак Мінфіна РФ, ён склаў 5,36 мільярда даляраў, стаўка – 3,3%). Выплачваць яго трэба 30 роўнымі долямі кожныя 6 месяцаў. Так што беларускім падаткаплацельшчыкам давядзецца паднапружыцца.

Лукашэнка казаў, што краіна знізіць сваю залежнасць ад расейскага газу. Але ўзамен атрымаў яшчэ залежнасць і ад расейскага ядравага паліва. Нават калегі Лукашэнкі па постсавецкай прасторы не жадаюць так рызыкаваць.

А як злічыць усю шкоду ад пагаршэння дачыненняў з суседзямі? Справа не толькі ў эканоміцы, але і ў ёй таксама. Да пачатку будаўніцтва БелАЭС Лукашэнка прыязджаў з візітам у Вільню, а пасля стварыў з Літвы непрымірымага апанента. Напрыклад, яшчэ да нападу ва Украіну Літва адмовілася ад транзіту беларускага калію.

Адно вельмі спрэчнае рашэнне кіраўніка ў выглядзе будаўніцтва АЭС ужо прынесла вялізныя эканамічныя і палітычныя страты беларусам і будзе прыносіць іх у будучыні.

Лукашэнка зараз паўтарае, што БелАЭС – гэта «вельмі-вельмі выгадна». Так чалавек, які нашкодзіў навакольным, спрабуе апраўдаць свой учынак.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках