Жыхары некаторых раёнаў Менскай вобласці засталіся без святла
- 1.07.2024, 19:27
- 3,562
Праз непагадзь.
Навальніцы з моцным ветрам абрынуліся 1 ліпеня на Менскую вобласць. У выніку праз непагадзь парушылася электразабеспячэнне ў некалькіх населеных пунктах. Пра гэта паведамляе Мінэнэрга.
«Навальніцы з моцным ветрам прывялі да перабояў электразабеспячэння спажыўцоў у Барысаўскім і Слуцкім раёнах», – расказалі ў міністэрстве.
Сярод іншага, у 15.38 аварыйна адключыліся дзве высакавольтныя лініі 110 кВ Барысаў – Барысаў Цягавая, у выніку чаго без святла засталіся дзесяць населеных пунктаў і чатыры фермы. Электразабеспячэнне тут аднавілі цягам паўгадзіны.
Тым часам у 16.49 праз непагадзь адключылася высакавольтная лінія 110 кВ Слуцк – Чырвоная Слабада. У выніку была парушаная праца трансфарматарных падстанцый у Белічах, Чырвонай Слабадзе, Семежавк. Цяпер энэргетыкі аднаўляюць энэргазабеспячэнне.
Дадамо, што, паводле прагнозаў сіноптыкаў, на 1 і 2 ліпеня абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі праз навальніцы і моцныя дажджы. Ліўні чакаюцца ноччу і раніцай у многіх раёнах Беларусі.