Стары 45-гадовы ўніверсал Mercedes W123 прадалі па кошце новага «Гелендвагена»
3- 1.07.2024, 12:59
- 5,918
![Стары 45-гадовы ўніверсал Mercedes W123 прадалі па кошце новага «Гелендвагена»](https://i.c97.org/ai/601104/aux-head-1719827939-20240326_foto2_360.jpg)
Салон аўтамабіля аздоблены чырвона-чорнай скурай і дрэвам.
У ЗША на аўкцыёне Bonhams прадалі ўніверсал Mercedes-Benz W123 1979 года. За непрыкметны, на першы погляд, аўтамабіль заплацілі 138 000 даляраў як за новы «Гелендваген». Пра гэта паведамляецца на сайце аўкцыённага дома.
Справа ў тым, што з малатка сышоў надзвычай рэдкі Mercedes 500 TE AMG. Такіх універсалаў выпусцілі адзінкі, бо ў канцы 70-х кампанія AMG яшчэ вырабляла аўто невялікімі партыямі.
![](https://i.c97.org/ai/601104/aux-1719827849-1.jpg)
Універсал Mercedes 500 TE AMG абсталявалі 5,2-літровым інжэктарным рухавіком V8 магутнасцю 300 к. с. У пары з ім працуе 4-ступеністая аўтаматычная КПП. Таксама дапрацавана падвеска і ўстаноўлены павялічаныя дыскавыя тармазы на ўсіх колах.
Цікава, што гэта версія вонкава мала чым адрозніваецца ад стандартнага Mercedes W123. Універсал трохі прыніжаны, атрымаў сціплае абважванне, невялікі задні спойлер і колавыя дыскі BBS. Ззаду бачныя здвоеныя выхлапныя трубы.
![](https://i.c97.org/ai/601104/aux-1719827849-2.jpg)
Салон Mercedes 500 TE AMG аздоблены чырвона-чорнай скурай і дрэвам. Таксама ўстаноўленыя спартыўнае стырно і крэслы.
![](https://i.c97.org/ai/601104/aux-1719827849-3.jpg)
Універсал Mercedes W123 даволі нядрэнна захаваўся. Прабег аўта за 45 гадоў складае ўсяго 82,9 тыс. км.
![](https://i.c97.org/ai/601104/aux-1719827849-4.jpg)