«На мяжы нікога нікуды не выпускаюць»
4- 1.07.2024, 12:56
- 15,028
![«На мяжы нікога нікуды не выпускаюць»](https://i.c97.org/ai/509451/aux-head-1659419334-20220802_ochered_360.jpg)
На выездзе з Беларусі зноў выстраіліся чэргі.
Раніцай 1 ліпеня зноў сабралася доўгая чарга з аўтобусаў і легкавушак у пункце пропуску «Брэст» на мяжы з Польшчай, пра гэта сведчаць звесткі маніторынгу Дзяржаўнага памежнага камітэта. Людзі, якія стаяць у чарзе, пішуць у чатах, што іх гадзінамі нікуды «не пускаюць», адзначае «Зеркала».
На 12.00 панядзелка выезду з Беларусі ў Польшчу чакаюць 45 аўтобусаў. У чатах аб перасячэнні мяжы паведамляюць, што час чакання праезду на польскі бок складае да 20 гадзін. Адзін з пасажыраў распавёў, што яго аўтобус стаіць без руху з 2 гадзін ночы, і «пакуль проста не пускаюць нікога» з невядомай прычыны.
Акрамя таго, у пункце пропуску «Брэст» стаяць 200 легкавушак.
У адным з паблікаў захраслыя ў чэргах па абодва бакі мяжы людзі напісалі, што «на мост (на памежнай рацэ Буг. – Заўв.) не пускаюць з боку Польшчы». На гэта ім адказалі, што «з боку Беларусі таксама руху няма». У суседнім чаце паскардзіліся на ранішнюю перазменку ў беларускім пункце пропуску, пасля якой «усё пайшло неяк павольней».
Тым менш, мяркуючы па тэлеграм-чатах, людзі ўсё ж перасякаюць мяжу, хоць і пасля шматгадзіннага чакання. Шмат хто распавядае пра дбайны надгляд на ўездзе ў Беларусь, асабліва аўтамабіляў з нумарамі ЕЗ, які ў «суме займае хвілін сем».
Чэргі ёсць і на літоўскім кірунку: у пункце пропуску «Каменны Лог» апоўдні панядзелка выезду з Беларусі чакаюць 60 легкавушак, у «Беняконях» – 70.
У пункце пропуску «Грыгараўшчына» (Латвія) прастойваюць 35 аўтамабіляў.
Акрамя таго, на мяжы Беларусі і ЕЗ стаяць 1670 фур: 500 – у «Каменным Логу», 580 – у «Беняконях», 540 – у «Грыгараўшчыне», 50 – у «Казловічах».