23 лiпеня 2024, aўторак, 11:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У справе капітана МУС, які кіраваў бандай у балаклавах, з'явіліся пікантныя падрабязнасці

36
У справе капітана МУС, які кіраваў бандай у балаклавах, з'явіліся пікантныя падрабязнасці

Капітану збіраюцца выставіць іншыя абвінавачанні?

Два тыдні таму стала вядома аб тым, што ў Докшыцах у рамках «справы налётчыкаў у балаклавах» быў затрыманы капітан мясцовага крымінальнага вышуку Міхаіл Згірскі. У яго дома знайшлі балаклаву і неслужбовую зброю.

Міністэрства ўнутраных спраў не прызнала датычнасць свайго супрацоўніка да злачынстваў.

Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў у зрэжысаванай размове з ведамасным карэспандэнтам (у духу «калі б вы не спыталі, я б пра гэта і не расказваў»), рашуча зняпраздзіў дачыненне Згірскага да банды налётчыкаў. Пры гэтым нічога не сказаў пра лёс свайго былога супрацоўніка, які, паводле «Нашай Нівы», у гэты момант знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

Магчыма, капітана збіраюцца вывесці са справы налётчыкаў, выставіўшы яму пры гэтым іншыя абвінавачанні? «Нашай Ніве» вядомыя пікантныя дэталі расследавання, але іх немагчыма абнародаваць, не даўшы наводкі на крыніцы.

Актыўны ўдзел супрацоўніка МУС у арганізаванай злачыннай бандзе шкодзіць рэпутацыі ўсяго ведамства. Таму найбольш магчыма, што справу Згірскага выведуць у асобную і перакваліфікуюць на «перавышэнне службовых паўнамоцтваў» і іншыя артыкулы, якіх будзе дастаткова для жорсткага прысуду.

Былыя супрацоўнікі сілавых органаў пацвярджаюць, што судзіць супрацоўнікаў асобна ад суўдзельнікаў - гэта заведзеная практыка. Ад яе рэдка адыходзяць пасля ганьбы на «справе 19», калі ўся краіна ўбачыла ў адной клетцы з наркабаронам Канстанцінам Вілюгам афіцэраў КДБ і МУС.

У выпадку са Згірскім цікавы момант яшчэ і ў тым, што бацька Міхаіла, Васіль Згірскі таксама міліцыянт. Маёр у адстаўцы, чыё апошняе месца службы - начальнік крымінальнага вышуку Шаркаўшчынскага РАУС.

Дакладна вядома, што з асабовым складам Докшыцкага РАУС актыўна працуюць следчыя і службы ўнутранай бяспекі. «Літаральна не вылазяць з РАУС», - кажуць знаёмыя з развіццём падзей.

Усе супрацоўнікі мясцовай міліцыі на час следства далі распіскі аб неразгалошванні.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках