1 лiпеня 2024, панядзелак, 1:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЕЗ абароніцца ад Расеі «жалезным купалам»

5
ЕЗ абароніцца ад Расеі «жалезным купалам»

Польшча пераканала партнёраў стварыць агульную сістэму СПА.

Еўразвяз пагадзіўся вылучыць сродкі на стварэнне агульнай сістэмы супрацьпаветранай абароны (СПА) на прапанову Польшчы і Грэцыі, паведаміў польскі прэм'ер Дональд Туск пасля саміту лідараў ЕЗ у Брусэлі.

Паводле ягоных словаў, менавіта Варшава ў выніку здолела «прабіць» гэты праект «жалезнага купала». «Сутнасць у тым, каб Еўропа ўзяла на сябе адказнасць за бяспечнае неба над сваёй тэрыторыяй, а не асобныя нацыянальныя дзяржавы», – растлумачыў Туск.

Таксама Польшча і краіны Балтыі здолелі пераканаць партнёраў у ЕЗ прафінансаваць стварэнне лініі абароны даўжынёй 700 км на мяжы з Расеяй і Беларуссю, дадаў ён. Паводле папярэдняй ацэнкі, гэтае будаўніцтва абыдзецца на €2,5 млрд. Краіны адзначалі, што абаронная інфраструктура на ўсходняй мяжы неабходная ў тым ліку для нівелявання гібрыдных пагрозаў, якія ўключаюць дэзынфармацыю, кібератакі, эканамічны ціск і спробы стварыць міграцыйны крызіс.

Раней ідэю Польшчы і Грэцыі пра стварэнне сістэмы СПА на ўсходняй мяжы ЕЗ ўхваліла кіраўніца Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен. Яна адзначыла, што краінам судружнасці трэба падтрымліваць Украіну і адначасова ўмацоўваць сваю абарону. З такой самай ідэяй выступаў кіраўнік найбуйнейшага вытворцы ўзбраенняў у Еўропе, нямецкага канцэрна Rheinmetall, Армін Папергер.

Першы намеснік старшыні камітэта Дзярждумы ў міжнародных справах Аляксей Чэпа заявіў, што Еўразвязу будзе «не так проста» стварыць эфектыўную сістэму СПА, беручы да ўвагі «магчымасці» Расеі. «“Жалезны купал” над маленькай тэрыторыяй Ізраіля і тое мае праблемы. Яго рабілі пад абсалютна прымітыўнае ўзбраенне палестынцаў. У нас жа ёсць сістэмы, якія пераадольваюць усе сённяшнія РЭБ», – сказаў Чэпа.

Размовы пра стварэнне агульнай сістэмы СПА ў Еўропе пайшлі на фоне сумненняў у тым, што ЗША, калі на прэзідэнцкіх выбарах пераможа Дональд Трамп, будуць гатовыя прапанаваць ЕЗ неадкладную падтрымку ў выпадку расейскай агрэсіі. Пры гэтым еўрапейскія палітыкі, вайскоўцы і выведнікі ўжо не адзін месяц папярэджваюць, што праз некалькі гадоў можна чакаць нападу Расеі на NATO. Ён можа пачацца з кібератак і ракетных удараў па тылавых ваенных і цывільных аб'ектах у Еўропе, каб вывесці са строю шляхі забеспячэння і падарваць магчымасці арганізацыі абароны, адзначалі высокапастаўленыя генералы з Нямеччыны, ЗША і Нідэрландаў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках