ШІ даказаў, што ў Расеі заканчваюцца танкі
29- 28.06.2024, 17:34
- 30,636
![ШІ даказаў, што ў Расеі заканчваюцца танкі](https://i.c97.org/ai/600743/aux-head-1719565274-20240326_foto2_360.jpg)
Прааналізаваны спадарожнікавыя здымкі вайсковых баз РФ.
Расея панесла вялікія страты танкаў з пачатку вялікай вайны ва Украіне, і, магчыма, у яе засталося ўсяго некалькі тысяч баявых браніраваных машын.
Аб гэтым піша Newsweek са спасылкай на вынікі аналізу спадарожнікавых выяваў штучным інтэлектам, які правялі ў нямецкай газеце Süddeutsche Zeitung (SZ).
Адзначаецца, што мадэль ШІ вывучыла спадарожнікавыя здымкі 87 расейскіх вайсковых аб'ектаў, уключаючы 16 баз, дзе захоўваюцца танкі, артылерыйскія машыны і бронетранспарцёры. У рамках аналізу была падлічана колькасць танкаў на гэтых ключавых абʼектах да пачатку шырокамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну ў лютым 2022 года і да сённяшняга дня.
«Адна з гэтых баз – 111-я Цэнтральная танкавая рэзервовая база войска на паўднёвым усходзе Расеі. У красавіку 2021 года на ёй размяшчалася 857 танкаў, зараз яна амаль пустая, як паказваюць спадарожнікавыя здымкі. Выяўлена, што ўсяго праз некалькі месяцаў пасля пачатку вайны, у кастрычніку 2022 года, Расея страціла амаль палову гэтых танкаў... Аналіз іншых вайсковых абʼектаў выявіў аналагічную карціну», – гаворыцца ў публікацыі.
Аналітык-даследчык абароннага і вайсковага аналізу ў лонданскім Міжнародным інстытуце стратэгічных даследаванняў Майкл Гʼерстад паведаміў, што, з ягоных ацэнак, у Расеі «усё яшчэ ёсць амаль 3200 танкаў на складзе».
«Але пераважная большасць з іх знаходзяцца ў дрэнным стане і патрабуюць значнага рамонту», – сказаў ён.
Старэйшы навуковы супрацоўнік міжнароднага аналітычнага цэнтра Еўрапейскай рады ў міжнародных дачыненнях Густаў Грэсель заявіў, што Расея «страчвае значна больш абсталявання, чым можа замяніць, а запасы на зыходзе»:
«Таму для Украіны важна нанесці настолькі высокія матэрыяльныя страты расейцам, што ў нейкі момант сітуацыя для іх стане крытычнай».