Генерал-маёр СБУ: З-пад кантролю Расеі можа выйсці не толькі Дагестан
- 26.06.2024, 21:08
- 18,900
Крэмль гэтага баіцца.
Пуцін адмовіўся каментаваць падзеі ў Дагестане, дзе ў выніку нападу баевікоў загінулі 15 расейскіх сілавікоў.
Чаму гаспадар Крамля надумаў адмаўчацца? Пра гэта і не толькі сайт Charter97.org пагутарыў з экс-намеснікам кіраўніка Службы бяспекі Украіны, генерал-маёрам у запасе Віктарам Ягуном:
– Сістэма ўнутранай бяспекі грамадзянаў Расейскай Федэрацыі была цалкам знішчаная. Структуры, якія павінны былі гэтым займацца, апошнія дзесяць гадоў займаюцца ўсім, акрамя гарантавання бяспекі расейцаў. Яны шукаюць міфічныя «візіткі Яраша», нібыта ультранацыяналістычныя ўкраінскія арганізацыі, займаюцца моладзевымі нацыяналістычнымі структурамі.
Расейскія спецслужбы шукаюць любыя нагоды, каб звязаць той ці іншы тэрарыстычны акт на тэрыторыі Расеі з Украінай. Я думаю, што колькасць такіх актаў будзе хвалепадобна павялічвацца, таму што людзі, якія займаюцца тэрорам і зарабляюць на гэтым грошы, імідж ці іншыя дывідэнды, адчулі слабасць расейскіх сілавікоў унутры краіны.
Функцыяналам праваахоўныя органы павінны гарантаваць бяспеку сваіх грамадзянаў. Але ў Расеі яны займаюцца знешняй контрразведкай, спрабуюць падарваць асновы дзяржаўнасці ў іншых краінах, зарабляюць на карупцыйных схемах, адбіраюць бізнэс у іншых структураў.
У гэтым і заключаецца іх самая вялікая праблема. Таму расказваць нешта важнае, як некалі было «мы будзем мачыць іх у сарціры», Пуцін цяпер проста не можа.
– Сярод баевікоў былі дзеці мясцовай эліты. Наколькі папулярныя радыкальныя ідэі сярод жыхароў гэтай рэспублікі?
– Яны вельмі папулярныя, таму што Дагестан – гэта вельмі дэпрэсіўны рэгіён, але не таму, што там няма чым заняцца ці няма на чым зарабляць. Гэта вельмі багаты рэгіён, які можна развіваць як у турыстычным, так і эканамічным плане. Даволі паглядзець на суседні Азербайджан, які знаходзіцца ў аналагічных умовах. Там той самы клімат, тыя самыя горы, тое самае мора, але ўзровень жыцця зусім іншы.
Сам Дагестан даведзены да крайняга стану, у першую чаргу тым, што на кіроўныя пасады там прызначаюцца немясцовыя. Асабліва на ключавыя пасады ставяцца нейкія людзі з іншых рэгіёнаў. І на фоне таго, як жывуць людзі ў Азербайджане ці Чачэніі, дэпрэсіўнае становішча Дагестана толькі падсілкоўвае радыкальныя ісламісцкія структуры, якія хутка знаходзяць там сваіх прыхільнікаў.
Дарэчы, тое, што адбылося ў Дагестане, я пакуль што не прыраўноўваў бы да таго, што гэта тэрарыстычны акт, учынены нейкай ісламскай групоўкай. Па-першае, на гэты момант ніхто не ўзяў на сябе адказнасць, а па-другое, не было вылучана якіх-небудзь патрабаванняў, палітычных ці любога іншага характару. Не выключаю, што гэта былі нейкія ўнутраныя разборкі сярод мясцовых, гэта цалкам магло быць, што нехта кагосьці пакрыўдзіў, нешта не так сказаў, а тыя ўзялі зброю і пайшлі разбірацца.
– Як вы адзначылі, у Дагестане на кіроўныя пасады прызначаюць прадстаўнікоў іншых рэгіёнаў і выпампоўваюць рэсурсы з рэспублікі, а ў Чачні ўсё наадварот – там спакойна кіруе клан Кадырава, ідзе няспыннае ўліванне сродкаў. З чым звязаны такі розны падыход да двух падобных рэгіёнаў?
– Таму што Кадыраў фактычна ўзяў у закладнікі расейскае кіраўніцтва. У тым сэнсе, што калі яны не будуць плаціць, тады Чачня ўзарвецца і выбухне ўвесь Каўказ. У Крамлі гэта разумеюць і не столькі ўкладваюць у рэгіён, колькі плацяць даніну, маўляў, сядзіце спакойна, нікуды не тузайцеся, каб нічога не адбывалася. Таму там цяпер такая сітуацыя.
А ў Дагестане, так бы мовіць, няма буйных, няма свайго Кадырава, які сказаў бы: «Глядзіце, мы таксама можам». У Расейскай Федэрацыі вельмі шмат рэгіёнаў, якія выбіваюць грошы на сваё існаванне, і грошы даюцца паводле прынцыпу – «каб чаго не адбылося».
Узяць той самы Крым – чаму паўвостраў атрымлівае нейкія грошы і прэферэнцыі ў вялікіх колькасцях? Бо ў Крамлі баяцца, што насельніцтва Крыма пачне абурацца ў тым плане, што Расея шмат чаго абяцала, але фактычна нічога не дала. Гэтая сітуацыя сапраўды магла б падарваць рэгіён з сярэдзіны, таму расейская ўлада гэтага баіцца. Такая самая сітуацыя і з Чачнёй, калі не горшая.
– Дагестан – адзін з самых неспакойных рэгіёнаў РФ. За апошнія некалькі гадоў мы ўжо бачылі антысеміцкія пагромы ў рэспубліцы, пратэсты супраць мабілізацыі. Ці ёсць небяспека таго, што ў нейкі момант Дагестан можа выйсці з-пад кантролю РФ?
– Ён не можа быць спакойным, гэта эканамічна няўстойлівы дэпрэсіўны рэгіён, у якім пра насельніцтва ніхто не клапоціцца. Гэта ўсё будзе адбівацца і надалей. Але пры гэтым з-пад кантролю Расеі можа выйсці не толькі Дагестан, але і іншыя рэгіёны, з якіх выпампоўвалі і прадаўжаюць выпампоўваць сродкі і людзей пад гэтую вайну. Тая самая Тува знаходзіцца ў падобнай сітуацыі, на поўначы Расеі ёсць такія рэгіёны, Сібір.
Калі ў цэлым паглядзець на дэпрэсіўныя нацыянальныя рэгіёны Расейскай Федэрацыі, то яны маўчаць, пакуль з іх выпампоўваюцца рэсурсы. Але ў нейкі момант яны могуць задацца пытаннем: «Пачакайце, мы ж маем дыяменты, золата, нафту ці нешта там яшчэ, але гэта ўсё ідзе не нам, а Бог ведама куды. Чаму нашы людзі павінны ехаць за тысячы кіламетраў і паміраць незразумела завошта?» Але пакуль людзі маўчаць – усё добра. Пачнуць абурацца – падкінуць ім грашанятаў, яны зноў супакояцца да чарговага разу. Але ж у нейкі момант і гэтыя грошы могуць скончыцца.