29 верасня 2024, Нядзеля, 0:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Санкцыі супраць Масбіржы: расейцы не могуць зняць з рахункаў юані

7
Санкцыі супраць Масбіржы: расейцы не могуць зняць з рахункаў юані

Следам за далярамі і еўрамі.

Кліенты Маскоўскай біржы, якая трапіла пад санкцыі, адчуваюць складанасці з вывадам з рахункаў кітайскіх юаняў следам за далярамі і еўрамі, частка якіх была заблакаваная гандлёвай пляцоўкай, піша The Moscow Times.

Пра праблемы з юанямі ў канцы мінулага тыдня паведаміла брокерская кампанія "Сінара", кліенты якой атрымалі апавяшчэнне аб тым, што вывад кітайскай валюты з біржы часова немагчымы. Спасылаючыся на санкцыі супраць біржы Нацыянальнага клірынгавага цэнтра, брокер таксама спыніў гандлёвыя аперацыі з юанямі для кліентаў.

У панядзелак, 24 чэрвеня, наяўнасць праблем з кітайскай валютай пацвердзілі ў Сбербанк CIB - інвестыцыйнай "дачцы" найбуйнейшага расейскага дзяржбанка. Аналітыкі кампаніі ў ранішнім аглядзе паведамілі, што "складанасці з вывыдам юаняў" сталі адной з прычын умацавання рубля да кітайскай валюты: курс юаня ў панядзелак упаў на 2,5%, да 11,73 рубля, нягледзячы на пастанову ЦБ знізіць ліміт абавязковых валютных продажаў для экспарцёраў з 80% да 60%.

Праблемы з юанямі прывялі да таго, што "ўстойліва высокага попыту на валюту не з'явілася", адзначаюць у Сбербанку CIB. Пры гэтым складанасці могуць пагоршыцца праз пастанову расейскай "дачкі" Bank of China спыніць працу з банкамі РФ, якія трапілі пад санкцыі, папярэджваюць аналітыкі.

Са звестак "Коммерсанта", які працуе на расейскім рынку АКБ "Бэнк оф Чайна" перастаў апрацоўваць плацяжы ў юанях следам за далярамі і еўрамі, транзакцыі ў якіх спыніў адразу ж пасля санкцыі у дачыненні да біржы. Банк - другі па памеры актываў сярод кітайскіх крэдытных арганізацый у РФ – “адыгрываў істотную ролю” ў банкаўскім аплатным трафіку, а ягоная пастанова звязаная з пагрозай другасных санкцый ЗША, распавялі крыніцы “Коммерсанта” на рынку.

"У гэтых умовах попыт на валюту можа знізіцца, а частка ўдзельнікаў рынку захоча яе прадаць, асцерагаючыся праблем з доступам да юаняў", – пішуць аналітыкі Сбер CIB. Яны прагназуюць далейшы рост кітайскай валюты да адзнакі 11,7 рубля за юань.

Маскоўская біржа ў пятніцу адмаўляла праблемы з вывадам кітайскіх юаняў, настойваючы, што ўсе аперацыі ў валюце КНР праходзяць "штатна". Праз некалькі гадзін біржа прызнала, што на яе рахунках былі заблакаваныя кліенцкія рэшткі ў далярах і еўрах.

Гаворка ідзе аб валютным забеспячэнні, што брокеры захоўвалі на рахунках у Нацыянальным клірынгавым цэнтры - "дачцы" біржы (НКЦ адказвае за рэгістрацыю ўгод на яе рынках). Валюту, "якая завісла" кліентам да 28 чэрвеня вернуць у рублях, паабяцала біржа.

Маскоўская біржа 12 чэрвеня была ўнесеная ў "чорныя спісы" амерыканскага Мінфіна са сваімі ключавымі разліковымі структурамі – НКЦ і Нацыянальным разліковым дэпазітарыем (НРД). На наступны дзень на біржы спыніліся таргі далярамі ЗША, еўрамі і гангонжскім далярам, а ЦБ пачаў устанаўліваць афіцыйныя курсы для ўгод пазабіржавога рынку.

Дэ-факта адзінай замежнай валютай, даступнай для таргоў, застаўся кітайскі юань. Але юаневыя таргі неўзабаве могуць быць спыненыя, паведамляў Bloomberg крыніца, блізкая да ЦБ РФ. Паводле ягоных слоў, кітайскія банкі, якія забяспечваюць такія ўгоды, хутчэй за ўсё, будуць паступова спыняць аперацыі з біржай з-за пагрозы другасных санкцый ЗША.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках