28 чэрвеня 2024, Пятніца, 13:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кітай падрыхтаваў непрыемны банкаўскі сюрпрыз для РФ

1
Кітай падрыхтаваў непрыемны банкаўскі сюрпрыз для РФ

Расейская "дачка" аднаго з найважнейшых кітайскіх банкаў адмовілася працаваць з таксічнымі кліентамі з РФ.

"Бэнк оф Чайна", расейская "дачка" кітайскага Bank of China, з 24 чэрвеня прыпыніла ўсе аперацыі з расейскімі банкамі, якія трапілі пад санкцыі ЗША.

Пастанова звязаная з асцярогамі другасных санкцый з боку ЗША. Працаваць з непадсанкцыйнымі крэдытнымі арганізацыямі РФ "Бэнк оф Чайна" пакуль працягвае, піша "Коммерсант" са спасылкай на ўласныя крыніцы.

“Для расейскага рынку гэта не вельмі прыемная навіна. Узнікнуць дадатковыя выдаткі як у часе, так і ў кошце апрацоўкі плацяжоў”, - адзначыў адзін з фінансістаў. Паводле ягоных слоў, банк традыцыйна адыгрываў "істотную ролю" ў банкаўскім аплатным трафіку.

На расейскім рынку "дачка" Bank of China займае другое месца па памеры актываў сярод даччыных структур кітайскіх банкаў – 592,4 млрд. руб. на канец першага квартала 2024 года ($6,68 млрд па актуальным на 24 чэрвеня курсе).

Бэнк оф Чайна з'яўляецца апорнай разліковай крэдытнай арганізацыяй для кітайскага бізнэсу, дзяржструктур і буйных расейскіх кампаній. Бізнэс банка засяроджаны на плацяжах у юанях паміж Расеяй і Кітаем.

Адмова "Бэнк оф Чайна" ад працы з падсанкцыйнымі расейскімі банкамі абвастрае праблему плацяжоў, якія "выходзяць за межы банкаўскага сектара, у выніку чаго ў дзяржавы становіцца ўсё менш кантролю за імі, узнікаюць рызыкі махлярства", заявіў суразмоўца выдання.

Крыніцы на фінансавым рынку пацвердзілі: апошнім часам плацяжы ўсё часцей праводзяць праз нябанкаўскіх аплатных агентаў, што робіць увесь ланцужок транзакцый менш празрыстым. Пры гэтым дзейнасць такіх пасярэднікаў знаходзіцца па-за кантролем рэгулятараў і не з'яўляецца празрыстай, што робіць механізм рызыкоўным. "Калі грошы завіслі, іх вернуць у рублях, але якім курсам гэта будзе зроблена, незразумела", – патлумачыла крыніца на рынку.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках