Беларускія зенітчыкі паабяцалі абараніць краіну ад НЛА
25- 23.06.2024, 14:10
- 7,150

Але пры гэтым схавалі твар свайго «начальніка штаба».
Мінабароны апублікавала відэа аб праверцы гатоўнасці злучэнняў і вайсковых часцей з заявай ананімнага «начальніка штаба». Ён паабяцаў, што «ўсякі неапазнаны лятальны апарат, які парушыць дзяржаўную мяжу, будзе знішчаны».
«21 чэрвеня Міністэрства абароны абвясціла аб раптоўнай праверцы гатоўнасці злучэнняў і воінскіх часцей Узброеных сіл да выканання задач па прызначэнні.
Да манеўраў далучылася адно з фармаванняў зенітна-ракетных войскаў. Яно «атрымала задачу заступіць на баявое дзяжурства для аховы паветранай прасторы Беларусі», — паведаміла сёння Мінабароны ў сваім Telegram-канале.
На апублікаваным відэа ананімны «начальнік штаба - першы намеснік камандзіра дывізіёна» са схаваным тварам даў справаздачу, як вайскоўцы «своечасова і ўтойліва занялі пазіцыйны раён і заступілі на баявое дзяжурства»:
«Усякі неапазнаны лятальны апарат, які парушыў дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь, будзе знішчаны ў найкарацейшы тэрмін».
Як паведамлялася, «раптоўная праверка гатоўнасці» праходзіць у Берасцейскай і Гомельскай абласцях. У Мінабароны папярэджвалі аб перамяшчэнні баявой тэхнікі па аўтатрасах.