У Менску выставілі на продаж яшчэ адзін медцэнтр
- 22.06.2024, 14:29
- 6,302
Колькі за яго просяць?
Медыцынскі цэнтр «Медсана» выставілі на продаж у Менску. Гэта вынікае з аб'явы на спецыялізаваным рэсурсе. За яго просяць 1,7 млн рублёў.
Цэнтр плошчай 217,3 кв. м размешчаны на вуліцы Чурлёніса за сем хвілінаў хады ад станцыі метро «Малінаўка» у Менску.
У аб'яве паказана, што цэнтр абсталяваны паводле апошняга слова тэхнікі і можа прапаноўваць шырокі спектр медыцынскіх паслуг – гінекалогіі, флебалогіі, афтальмалогіі і гэтак далей. Пакупніку абяцаюць не толькі прыбытковы бізнэс, але і дапамогу пры фармаванні кадравага складу і кліенцкай базы.
За медцэнтр хочуць больш за 1,7 млн рублёў – гэта больш за 550 тысячаў даляраў.
Нагадаем, раней у Менску на продаж выставілі цэнтр эстэтычнай медыцыны «Марк Эстэтык». За яго просяць 484 тысячы даляраў ці 1,55 млн рублёў.