Аліеў прапанаваў скасаваць «бескарыснае» аб'яднанне, у якое ўваходзіць Беларусь
1- 21.06.2024, 11:57
- 15,166

Падрабязнасці.
Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў правёў тэлефонную размову з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам, падчас якой прапанаваў афіцыйна спыніць дзейнасць Менскай групы АБСЕ і ўсіх звязаных з ёй інстытутаў, каб «цалкам закрыць старонку канфлікту» з Арменіяй, паведамляе прэс-служба Аліева.
Удзельнікі размовы абмеркавалі пытанне ўстанаўлення міру ў рэгіёне. Так, Ільхам Аліеў адзначыў «важнасць спынення тэрытарыяльных прэтэнзій да Азербайджана, закладзеных у канстытуцыі, адпаведных законах і ўнутраных нарматыўна-прававых актах Арменіі, з пункту гледжання прасоўвання мірнага парадку дня».
Ён дадаў, што «даўно прыйшоў час афіцыйна спыніць дзейнасць нефункцыянальнай Менскай групы АБСЕ і ўсіх звязаных з ёй інстытутаў з тым, каб цалкам закрыць старонку канфлікту (у Нагорным Карабаху. — Заўв. рэд.), які стаў ужо перажыткам мінулага».
Гэтае ж пытанне Баку нядаўна абмяркоўваў наўпрост з Ерэванам, прапанаваўшы супольна звярнуцца ў Арганізацыю бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе (АБСЕ) і папрасіць скасаваць Менскую групу па ўрэгуляванні канфлікту ў Карабаху.
«Мы ўжо прапанавалі гэта армянскаму боку, каб Азербайджан і Арменія разам выступілі са зваротам да АБСЕ для скасавання Менскай групы», — сказаў Аліеў.
З яго слоў, у місіі «няма ніякай неабходнасці, яна цяпер не функцыянуе», а калі Арменія выступіць супраць, значыць, у яе засталіся тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Азербайджана.
Створаная ў 1992 годзе Менская група АБСЕ займаецца пошукамі ўрэгулявання канфлікту паміж Арменіяй і Азербайджанам вакол Нагорнага Карабаха. У 2007 годзе краіны-чальцы групы прынялі «Мадрыдскія прынцыпы» ўрэгулявання канфлікту, але пагадненне так і не было дасягнутае. Група не змагла таксама прадухіліць эскалацыю канфлікту ў 2016 годзе і восеньскую вайну 2020 года, паводле вынікаў якой частка тэрыторыі Нагорнага Карабаха перайшла пад кантроль Азербайджана.