21 лiпеня 2024, Нядзеля, 1:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Санкцыі Еўразвязу ўпершыню закранулі пастаўкі расейскага ЗПГ

2
Санкцыі Еўразвязу ўпершыню закранулі пастаўкі расейскага ЗПГ

Прыняты 14-ы пакет.

У чацвер, 20 чэрвеня, Еўрапейскі Звяз пагадзіўся ўвесці новы 14-ы пакет санкцый супраць Расеі, якія ўпершыню закрануць пастаўкі звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ).

Пра гэта паведамляе старшынства Бэльгіі ў Радзе ЕЗ.

Euronews таксама адзначае, што пакет з'яўляецца вынікам працяглых перамоў паміж амбасадарамі, якія правялі тыдні, абмяркоўваючы чыста тэхнічныя дэталі. Прыняцце некалькі разоў адкладалася праз агаворкі, выказаныя некалькімі краінамі, сярод іншага Вугоршчынай, якая паабяцала заблакаваць усе санкцыі ў энэргетычным сектары, і Нямеччынай, якая выступіла супраць накладання на кампаніі абавязацельстваў не дапускаць абыходу абмежаванняў.

Брусэль устанавіў два дэдлайны — саміт G7 у Італіі і Глабальны саміт свету ў Швайцарыі, каб даць Нямеччыне больш часу для развязання праблемы.

Раніцай 20 чэрвеня краіна дала зразумець, што яе занепакоенасці былі задаволены, што, уласна, і адкрыла шлях да пагаднення.

Аднак абмежаванне на імпарт ЗПГ не дацягвае да поўнай забароны імпарту, як блок раней зрабіў з вугалем і нафтай, дзвюма найбуйнейшымі крыніцамі даходаў РФ.

Узамен кампаніям ЕЗ будзе дазволена купляць расейскі ЗПГ, але забаронена рээкспартаваць яго ў іншыя краіны.

З ацэнак Цэнтра даследаванняў энэргетыкі і чыстага паветра (CREA), незалежнай арганізацыі, якая адсочвае расейскае выкапнёвае паліва, у 2023 годзе блок заплаціў 8,3 млрд еўраў за 20 млрд кубаметраў расейскага ЗПГ, што складае 5% ад агульнага аб'ёму спажывання газу.

Асноўнымі пунктамі ўваходу для расейскага ЗПГ з'яўляюцца такія краіны як Бэльгія, Францыя і Гішпанія.

Са звестак CREA, блізу 22% ад гэтых паставак (4,4 млрд кубаметраў) былі перагружаныя па ўсім свеце, з якіх 1,6 млрд кубаметраў былі адпраўленыя ў іншыя краіны-чальцы блока. Астатняе пайшло ў Кітай, Індыю, Турцыю і іншыя.

Акрамя таго, летась марская індустрыя краін G7 апрацавала 93% расейскага экспарту ЗПГ, што ацэньваецца на 15,5 млрд еўра.

Новыя санкцыі ЕЗ маюць на мэце абмежаваць гэты прыбытковы бізнэс і магчымасці Расеі атрымліваць сродкі для сваёй вайны супраць Украіны. Санкцыі таксама накіраваныя на тры базаваныя ў Расеі, але яшчэ нядзейныя ЗПГ-праекты, якія агенцтва Reuters раней называла Арктык СПГ 2, Усць-Луга і Мурманск.

Краіны-чальцы ЕЗ дамовіліся аб больш жорсткіх мерах для барацьбы з абходам і закрыццём шчылін, пакінутых адкрытымі ў 13 папярэдніх пакетах санкцый.

Канкрэтныя дэталі гэтых мер не былі адразу даступныя, але мяркуецца, што яны накіраваныя на «ценявы флот» састарэлых маламерных танкераў, якія Крэмль выкарыстоўвае для таго, каб абысці ўсталяваны G7 коштавы ліміт на нафту, якая транспартуецца марскім шляхам.

Адзначаецца, што нягледзячы на абмежаванні на 60 даляраў за барэль, Расея на працягу апошніх некалькіх месяцаў прадавала сваю нафту маркі Urals коштам ад 67 да 75 даляраў за барэль.

Раней паведамлялася, што краіны ЕЗ не змаглі ўзгадніць 14-ы пакет санкцый супраць Расеі, паколькі Нямеччына працягвала блакаваць яго, нягледзячы на скасаванне пункта, які Бэрлін разглядаў як праблематычны.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках