Улада ў РФ пераходзіць да «карпарацыі спадчыннікаў»?
4- 18.06.2024, 20:27
- 16,750
У Пуціна абвастрылася параноя.
Пуцін прызначыў сваю стрыечную пляменніцу на пасаду намесніка міністра абароны РФ. Ейны муж, Сяргей Цывілёў, ужо ўзначальвае міністэрства энэргетыкі РФ.
Пасаду віцэ-прэм'ера ў РФ з нядаўніх часоў займае сын сябра Пуціна Мікалая Патрушава Дзмітрый.
Што за працэс мы назіраем? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з украінскім палітолагам, прафесарам Кіеўскага Нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі Пятром Алешчуком:
- Гаворка ідзе пра адну з фундаментальных асаблівасцяў расейскага рэжыму. Пуцін першапачаткова сябе атачаў блізкімі людзьмі, якія былі з ім звязаныя. Ёсць жа вядомая гісторыя пра кааператыў "Возера".
Яшчэ адна адметнасць Пуціна — велізарныя кар'ерныя дасягненні яго былых ахоўнікаў. Яны займаюць найвышэйшыя пасады ў розных рэгіёнах Расеі.
Узнікае пытанне: як Пуціну ажыццяўляць падбор кадраў? Браць каго-небудзь, зыходзячы з прафесійных прыкмет? А раптам ён будзе нелаяльным. Варта ўлічыць і сталую шпіёнаманію, таму Пуцін давярае толькі сям'і і тым людзям, каго асабіста ведае, праверыў, а таксама іх сямейнікам. Тым, хто звязаны з імі нашмат больш сур'ёзна, чым на падставе фармальных крытэрыяў ці прынцыпаў.
Гэта, дарэчы, адна з рыс феадалізму, дзе таксама ўсё будуецца зыходзячы з асабістых стасункаў, сувязяў. У выніку роднасныя і карпаратыўныя сувязі адыгрываюць найважнейшую ролю, чым фармальныя паўнамоцтвы і працэдуры.
- Ці могуць прызначэнні сваякоў сведчыць пра страх Пуціна? Бо апрыёры да сваякоў большы давер.
- Самае галоўнае для Пуціна, каб яны ўсе былі асабіста паміж сабой звязаныя. Не было рызыкі ўзнікнення фронды. Ведаеце, тое, што Пуцін пачынае залучаць ужо не проста сяброў, знаёмых, а сваякоў, гэта адказ на прыгожынскі мяцеж.
Пуцін давяраў верхаводу ПВК “Вагнер” Прыгожыну, а той яго падвёў, таму параноя Пуціна апошнім часам істотна ўзрасла. Вось ён і пераходзіць на сваякоў і родных блізкіх людзей з атачэння, каб чужых увогуле не было. Хто ведае, што ўвогуле ад іх можна чакаць.
Гэта таксама сведчыць пра рост няўпэўненасці. У Пуціна ёсць адчуванне, што магчымыя змовы ці спробы адхіліць яго ад улады. Увесь гэты кіроўны клан яшчэ больш закрываецца пад кіраўніцтвам Пуціна, каб ніякіх сюрпрызаў не было.
- На панэлях эканамічнага форуму ў Пецярбургу выступалі дзве дачкі Пуціна. У свой час вялікую ролю ў кіраванні РФ падчас прэзідэнцтва Ельцына адыгрывала ягоная сям'я. Ці ўбачым мы нешта такое за Пуціным?
- Цікавы момант, што Пуцін працяглы час іх наогул не паказваў. Хаваў дочак, нікога не падпускаў, а зараз адкрыта дэманструе.
Адзначу, што на форуме былі не толькі сваякі Пуціна, але і іншыя прадстаўнікі расейскай эліты. Наступная генерацыя, новае пакаленне расейскай эліты.
Яны, напэўна, дэманструюць, маўляў, глядзіце, "мы ўладу нікому не аддамо". "Не спадзявайцеся на смерць Пуціна і Патрушава", "не, будзе як у Паўночнай Карэі" (з якой, дарэчы, сёння Пуцін падпісаў Дамову аб стратэгічным партнёрстве).
РФ атрымлівае ў спадчыну паўночнакарэйскія прынцыпы і мадэль. Толькі, бачыце, у Паўночнай Карэі заўсёды адзін быў Кім, а тут нейкая "карпарацыя спадчыннікаў акружэння Пуціна".