Беларускі вытворца каўбасаў паводле польскіх рэцэптаў збанкрутаваў
3- 17.06.2024, 21:47
- 7,898
Кампанія «Прыбужжа Груп» пачала працу ў кастрычніку 2019 года.
Эканамічны суд Берасцейскай вобласці 12 чэрвеня разгледзеў заяву пра банкруцтва ТАА «Прыбужжа Груп». Гэта вытворца каўбасных вырабаў у Берасцейскай вобласці. Інфармацыя пра гэта з'явілася ў Адзіным дзяржаўным рэестры звестак аб банкруцтве, паведамляе officelife.media.
Кампанія «Прыбужжа Груп» пачала працу ў кастрычніку 2019 года. Яна выпускала каўбасныя вырабы пад гандлёвай маркай Miednowski. Нэймінг звязаны з месцам, дзе размяшчалася прадпрыемства, – аграгарадком Медна. Яго сімвалізаваў шляхціч Miednowski, які быў пачынальнікам каўбасак паводле польскіх рэцэптаў. У лінейцы прадпрыемства былі такія прадукты, як «Шынка Мазавецкая», «Сасіскі Варшаўскія», «Каўбаса вараная польская з салам» і іншыя. Таксама ў асартыменце былі паштэты, зельцы, кабанасы і іншая прадукцыя.
Прадоўжыць працу кампанія не змагла праз крэдыторскую запазычанасць. У лютым 2023 года супрацоўнікі былі звольненыя, а ў студзені 2024 года кампанія пайшла ў ліквідацыю.
Агульны памер крэдыторскай запазычанасці складае 4,3 млн рублёў. У якасці актываў даўжніка фігуруе сума 1,9 млн рублёў – гэта дэбіторская запазычанасць берасцейскага мясакамбіната «Старфуд», які нядаўна быў прызнаны банкрутам.