Цягнік з мігрантамі затрымалі ў Кузніцы
3- 17.06.2024, 11:35
- 9,272
![Цягнік з мігрантамі затрымалі ў Кузніцы](https://i.c97.org/ai/599260/aux-head-1718613305-20240615_straz_graniczna_360.png)
Яны хацелі патрапіць з Беларусі ў Польшчу ў грузавым вагоне.
У чыгуначным пагранічным пункце пропуску «Кузніца» (з беларускага боку «Брузгі») польскія мытнікі знайшлі чатырох мігрантаў. Яны спрабавалі пераадолець мяжу ў паўвагонах грузавога цягніка з керамзітам, закапаўшыся неглыбока ў груз.
Затрыманых перадалі супрацоўнікам памежнай аховы ў Кузніцы. Пра гэта Hrodna.life паведаміла прэс-сакратарка Падляшскага аддзела памежнай аховы Кацярына Здановіч.
![](https://i.c97.org/ai/599260/aux-1718613312-migranty-cjagniku-1-ulmyr.webp.jpg)
Адзін з мігрантаў мае забарону на ўезд у дзве краіны Еўразвяза
Затрыманыя мужчыны - грамадзяне Алжыра, якім ад 21 да 29 гадоў. Аднаму з іх у 2020 годзе выдалі пастанову аб высылцы і забароне на ўезд на 10 гадоў. Прычына забароны - хатні крадзеж з ужываннем гвалту і пагроз. Таксама мужчыну асудзілі на восем месяцаў пазбаўлення волі ў 2018 годзе ў бельгійскім Бруге.
Гэты мужчына спрабаваў падацца на міжнародную абарону ў Нідэрландах. Але абарону ён не атрымаў, бо ў Нідэрландах яго асудзілі за гвалт у дачыненні да службовых асоб і ўдзел у мігруючай злачыннай групе, якая займалася крадзяжамі, гвалтам і пагрозамі. Праз гэта алжырцу на два гады забаранілі ўезд у краіну.
![](https://i.c97.org/ai/599260/aux-1718613312-migranty-cjagniku-2-slzfg.webp.jpg)
Што будзе з мігрантамі?
У дачыненні чатырох алжырцаў распачалі адміністрацыйную справу. У выніку ім забаранілі ўезд на тэрыторыю Шэнгенскай зоны на пяць год. Таксама ім выдалі пастанову аб абавязку вярнуцца ў краіну паходжання. Да часу выезду з Польшчы іх размясцілі ў ахоўным цэнтры для замежнікаў.