Краіны G7 запатрабавалі ад РФ кампенсаваць шкоду Украіне памерам $486 млрд
14- 14.06.2024, 21:06
- 10,962

Крамлю выставілі рахунак за вайну.
Масква павінна выплаціць Украіне шкоду памерам $486 млрд, Кіеву таксама да канца 2024 года будуць вылучаныя крэдыты памерам блізу $50 млрд з выплатай за кошт прыбыткаў ад замарожаных расейскіх актываў, гаворыцца ў супольнай заяве краінаў G7 паводле вынікаў саміту ў Італіі.
«Паводле звестак Сусветнага банка, гэтыя страты цяпер перавышаюць $ 486 млрд», – вынікае з заявы краінаў G7, якую прыводзіць ANSA.
У дакуменце зазначаецца, што краіны Групы сямі «прадаўжаюць разглядаць усе магчымыя прававыя шляхі, з дапамогай якіх Расея будзе вымушаная выконваць гэтыя абавязальніцтвы».
Краіны G7 таксама паабяцалі вылучыць Украіне крэдыт памерам $50 млрд да канца 2024 года, які будзе выплачвацца за кошт прыбыткаў ад замарожаных расейскіх актываў. Апошнія ў сваю чаргу застануцца знерухомленымі да заканчэння баявых дзеянняў, піша Axios.