Канал СТВ нечакана паведаміў, што пакажа ўсе матчы чэмпіянату Еўропы ў футболе
- 13.06.2024, 21:46
- 9,170

Трансляцыя матчу-адкрыцця адбудзецца ўжо заўтра.
Тэлеканал «Сталічнае тэлебачанне» паведаміў, што стаў афіцыйным партнёрам УЕФА ў трансляцыі чэмпіянату Еўропы ў футболе. З 14 чэрвеня ён пачне паказы чэмпіянату разам з каналам «РТР-Беларусь», піша «Наша Нiва».
Трансляцыя матчу-адкрыцця адбудзецца ўжо заўтра, 14 чэрвеня, а 22-й паводле беларускага часу.
Усе іншыя матчы абяцаюць паказаць у прамым эфіры.
Раней Міністэрства інфармацыі «дазволіла» паказваць трансляцыі Еўра-2024 без згоды праваўладальнікаў. Аднак УЕФА заявіў, што калі ў Беларусі будуць па-пірацку паказваць матчы чэмпіянату Еўропы ў футболе, то арганізацыя поўнасцю спыніць фінансавую падтрымку беларускіх футбольных арганізацый.
У Менску не знайшлося нават умоўна прыватных тэлекампаній, у адрозненне ад Расеі, якія маглі б атрымаць тэлевізійныя правы на паказ футбольных паядынкаў. І падавалася, што ніякіх афіцыйных паказаў чэмпіянату ў Беларусі не будзе.
Якім чынам СТВ атрымалася змяніць гэтую сітуацыю, пакуль што інфармацыі няма.