22 кастрычнiка 2024, aўторак, 12:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяброўства трашчыць па швах

9
Сяброўства трашчыць па швах

Чаму Пашынян пасварыўся з Лукашэнкам і пры чым тут Карабах.

Паміж армянскім прэм'ерам Ніколам Пашынянам і беларускім дыктатарам Аляксандрам Лукашэнкам, якія з'яўляюцца супольгнікамі з АДКБ, пачаўся сур'ёзны скандал. Ерэван не будзе пасылаць чыноўнікаў у Беларусь, а Менск - адклікаў свайго амбасадара.

РБК-Украіна расказвае, што адбылося паміж Арменіяй і Беларуссю і пры чым тут вайна ў Нагорным Карабаху.

З чаго пачаўся скандал

У траўні беларускі дыктатар злётаў на сустрэчу да прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева ў Баку. На сустрэчы з ім Лукашэнка прыгадаў размову з Аліевым перад пачаткам аперацыі азербайджанскіх войскаў у Нагорным Карабаху.

«Я яшчэ падумаў, успомніў нашу размову перад вайной, перад вашай вызваленчай вайной, калі мы па-філасофску разважалі за абедам удваіх. Тады мы прыйшлі да высновы, што ў вайне перамагчы можна. Гэта важна. Вельмі важна ўтрымаць гэтую перамогу. Але, па-трэцяе, мы сышліся ў меркаванні, Вы тады ўзнялі гэтае пытанне, што пасля вайны пачнецца самы цяжкі час, калі трэба будзе адраджаць тыя землі, якія вы вызвалілі, пачынаць адраджэнне», - сказаў Лукашэнка.

У 2020 годзе Азербайджан пачаў вайсковую аперацыю па вяртанні пад свой кантроль тэрыторый так званага Нагорнага Карабаха, спрэчнага рэгіёна, які Арменія дэ-факта акупавала ў 90-х. Тады Азербайджан вярнуў сабе большасць тэрыторыі.

А ў 2023 годзе Азербайджан правёў «контртэрарыстычную аперацыю», пасля якой непрызнаны Нагорны Карабах спыніў сваё існаванне, і ўся яго тэрыторыя вярнулася пад кантроль Баку. З таго часу паміж Ерэванам і Баку працягваюцца перамовы аб мірным пагадненні, якое павінна закончыць шматгадовы канфлікт.

Як адрэагаваў Пашынян

Сёння ж, адказваючы на пытанні апазіцыі ў армянскім парламенце, Пашынян згадаў гэтыя словы беларускага дыктатара і заявіў, што ніводзін афіцыйны прадстаўнік Арменіі, уключаючы яго самога, не паедзе ў Беларусь, пакуль там кіруе Лукашэнка.

«Адзін з кіраўнікоў краін АДКБ заяўляе, што ўдзельнічаў у падрыхтоўцы вайны, заахвочваў, верыў і жадаў перамогі Азербайджану. І пасля гэтага я паеду з дыктатарам Беларусі ў фармаце АДКБ нешта абмяркоўваць? Канстатую, што зараз больш ніколі не паеду ў Беларусь. Пакуль у Беларусі «прэзідэнт» Аляксандр Лукашэнка. І ўвогуле заяўляю, што з гэтага моманту ніводзін афіцыйны прадстаўнік Арменіі не паедзе ў Беларусь», - сказаў Пашынян.

Арменія і Беларусь з'яўляюцца чальцамі Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) - вайсковага саюза, заснаванага ў 1992 годзе. Першапачаткова падпісантамі дамовы былі Расея, Беларусь, Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Узбекістан і Азербайджан. Але ў 1999 годзе Азербайджан, Грузія і Узбекістан не працягнулі свой удзел.

Супольнікі з АДКБ праводзяць супольныя вучэнні, а таксама могуць надаваць вайсковую дапамогу ў выпадку такога запыту. Напрыклад, у 2022 годзе войскі АДКБ дапамагалі Казахстану падаўляць антыўрадавыя пратэсты. Але АДКБ не дапамагла Арменіі падчас Другой Карабахскай вайны ў 2022 годзе, больш за тое, як заяўляў Пашынян, дзве краіны арганізацыі былі на баку Азербайджана.

У лютым 2022 года Арменія прыпыніла ўдзел у АДКБ і зараз пагражае ўвогуле выйсці са складу арганізацыі.

Чым адказаў рэжым

На заяве Пашыняна спрэчка паміж Ерэванам і Менскам не скончылася. Сёння ўдзень Міністэрства замежных спраў Беларусі абвясціла аб адкліканні свайго пасла з Арменіі.

«Калі хтосьці надумаў пераключыць увагу ад унутраных праблем вобразам ворага, то гэта недальнабачная палітыка. Важна разумець, што з Арменіяй нас звязваюць даўнія, блізкія, сяброўскія стасункі і агульная гісторыя, а сёння яшчэ і ўзаемавыгадны гандаль і шчыльныя дзелавыя кантакты. Мы не збіраемся гэтыя стасункі пагаршаць, як бы і колькі б армянскае кіраўніцтва замежныя гульцы не падштурхоўвалі», - заявілі ў беларускім МЗС.

У той жа час, у беларускім міністэрстве «зычаць» армянскаму народу кіраўнікоў, якія будуць сапраўды думаць аб «будучыні краіны». Паказальна, што гэта адбылося на фоне антыўрадавых пратэстаў апазіцыі ў Ерэване.

Нагадаем, учора Пашынян заявіў, што Арменія выйдзе з АДКБ.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках