УСУ ноччу нанеслі ўдар ракетамі ATACMS па Керчанскай паромнай пераправе
1- 30.05.2024, 20:47
- 9,808

Фотафакт.
Сілы абароны Украіны ў ноч на 30 траўня паспяхова падбілі паромную пераправу расейскіх акупантаў у часова захопленым імі Крыме. Пра гэта ў Facebook праінфармаваў Генштаб УСУ.
«Сёння ноччу сілы абароны Украіны нанеслі ўдар ракетамі ATACMS па Керчанскай паромнай пераправе, якая актыўна выкарыстоўвалася ворагам для забеспячэння сваёй групоўкі войскаў у часова акупаваным Крыме», – сказана ў паведамленні.
Адзначаецца, што гэты аб'ект прыкрывалі «сучасныя» расейскія сродкі СПА – «Панцыр», «Тор», «Трыумф».

«Аднак ракеты, якія стаяць на ўзбраенні з 90-х гадоў мінулага стагоддзя, паспяхова пераадолелі "найноўшы" супрацьпаветраны шчыт захопнікаў», – падкрэслілі ўкраінскія вайскоўцы.
Паводле звестак украінскага Генштаба, у выніку паразы істотныя пашкоджанні атрымалі два паромы, якія ажыццяўлялі чыгуначныя і аўтамабільныя перавозкі.
«Адзін з іх сеў на мель, чым заблакаваў функцыянаванне ўсёй Керчанскай пераправы», – гаворыцца ў паведамленні.
Падкрэсліваецца, што дзякуючы ўдалай баявой працы ўкраінскіх ракетнікаў ваенная лагістыка акупантаў на паўвостраве істотна падарваная.
«Вораг павінен памятаць: Крым – гэта Украіна», – рэзюмавалі ў Генштабе УСУ.